Польскія перавозьнікі выказаліся за разблякаваньне мяжы зь Беларусьсю

Мяжа Польшчы і Беларусі. Архіўнае фота

Варшава заявіла пра ўзмацненьне актыўнасьці дронаў каля мяжы з Беларусьсю, таму мяжа застаецца закрытай і пасьля вучэньняў «Захад-2025».

Польскае выданьне Rzeczpospolita апісала праблемы, зь якімі сутыкнуліся польскія транспартна-лягістычныя кампаніі пасьля закрыцьця польска-беларускай мяжы.

«Нескаардынаванае зь іншымі краінамі рэгіёну закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю шкодзіць польскай эканоміцы»,— напісала выданьне.

«Мяжа зь Беларусьсю застаецца адкрытай у Літве і Латвіі. Польскія прадпрымальнікі нэрвуюцца, бо тамтэйшыя фірмы ўжо пераймаюць грузы і кантракты, а ім пагражае страта кіроўцаў і транспартнага парку», — піша RP.

Пётр Прудзыньскі, старшыня Мазавецкага рэгіёну — 3 Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозьнікаў Польшчы, прызнае, што літоўцы і латышы ў падобнай сытуацыі, як і Польшча, але яны зарабляюць грошы, не закрываючы беларускую мяжу.

«Іхныя кампаніі пераймаюць увесь грузапаток, які дагэтуль ішоў праз Польшчу. Украіна можа весьці поўнамаштабную вайну, не зьнішчаючы сваіх прадпрымальнікаў. Нават украінцы могуць езьдзіць у Беларусь (і іх там відаць), а польскія прадпрымальнікі — не. Польскі ўрад стрэліў нам у нагу», — кажа ён.

«Мы чакаем аднаўленьня доступу да рынку», — падкрэсьлівае Прудзыньскі.

Перавозьнікі лічаць закрыцьцё мяжы памылкай.

«Урад ведаў пра манэўры за некалькі месяцаў наперад, мог падрыхтавацца да сытуацыі і паведаміць пра гэта прадпрымальнікам, каб мы не прымалі замовы, але як толькі перавозьнік іх прымае, месца для манэўру мала. Так мы сталі палітычнымі закладнікамі», — кажа Караль Рыхлік з праўленьня Асацыяцыі перавозьнікаў.

Здымак з камэры відэаназіраньня на мяжы Беларусі з Польшчай 12 верасьня 2025 году

Паводле ацэнак уладаў Беларусі, на тэрыторыі Польшчы знаходзяцца 1453 грузавікі. У кожным прынамсі адзін кіроўца. Польская Асацыяцыя перавозьнікаў правяла апытаньне, і ў 30 кампаніяў, да якіх зьвярнуліся, у Беларусі было 60 аўтамабіляў, зь якіх двума кіравалі грамадзяне Польшчы, піша RP.

Міністэрства інфраструктуры Польшчы дапамагло ў вяртаньні зь Беларусі двух польскіх кіроўцаў, але яно ня мае паўнамоцтваў спрыяць вяртаньню ў Польшчу кіроўцаў з іншым грамадзянствам, якія працуюць у польскіх кампаніях.

Пасьля заканчэньня вучэньняў «Захад-2025» Польшча заявіла пра ўзмацненьне актыўнасьці дронаў каля мяжы з Беларусьсю. Міністар унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі сказаў, што Польшча зноў адкрые мяжу, калі гэта будзе бясьпечна.

Занепакоенасьць Польшчы вучэньнямі «Захад» узмацнілася, калі ў ноч з 9 на 10 верасьня прыблізна 21 расейскі бесьпілётнік увайшоў у яе паветраную прастору.

Аб закрыцьці пунктаў пропуску на мяжы Польшчы і Беларусі стала вядома 9 верасьня. Як заявіў міністар Кервіньскі, Варшава закрывае мяжу зь Беларусьсю не на пэрыяд вучэньняў «Захад-2025», а «ў сувязі зь іх правядзеньнем».

17 верасьня беларускае МЗС заявіла, што праз 10 дзён пачне «прымяняць прадугледжаныя законам меры» да амаль паўтары тысячы польскіх фураў, якія не пасьпелі пакінуць Беларусь да закрыцьця мяжы. Выехаць празь мяжу зь Літвой ці Латвіяй Беларусь ім не дазваляе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Закрыцьцё Польшчай пераходаў зь Беларусьсю не спыняе мігрантаў, якія штурмуюць мяжу. Вось статыстыка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС Польшчы заявіла, што мяжа зь Беларусьсю надалей закрытая, бо сытуацыя там напружаная, шмат бесьпілётнікаў

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.

Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка

  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.