У Літве паведамілі, колькі разоў вайсковая авіяцыя Расеі парушала правілы палёту над Балтыкай за апошнія сем дзён

Зьнішчальнік Dassault Rafale B францускіх Вайскова-паветраных сілаў. Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве абароны Літвы заявілі, што з 15 па 21 верасьня зьнішчальнікі NATO шэсьць разоў падымаліся ў паветра над Балтыйскім морам, каб ідэнтыфікаваць расейскія вайсковыя самалёты, што знаходзіліся ў міжнароднай паветранай прасторы з парушэньнем правілаў палётаў.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні ведамства, самалёты хаўрусьніка па NATO працягваюць патруляваць межы Эстоніі, Латвіі і Літвы з Расеяй і Беларусьсю.

17 і 18 верасьня зафіксавалі па адным расейскім самалёце Іл-20, якія ляцелі з Калінінградзкай вобласьці на мацерыковую Расею і назад. 18 верасьня паветраную прастору парушылі два расейскія самалёты Су-30 і Су-35.

19 верасьня ідэнтыфікавалі тры самалёты МіГ-31, а 20 верасьня — два самалёты Су-30.

«Ува ўсіх выпадках расейскія самалёты ляцелі без транспондэраў і пляну палёту. Яны таксама не падтрымлівалі радыёсувязь з Рэгіянальным цэнтрам кіраваньня палётамі, акрамя 17 і 18верасьня», — заявілі ў Міністэрстве абароны Літвы.

Місія NATO для патруляваньні паветранай прасторы ў краінах Балтыі пачалася ў сакавіку 2004 году, калі Літва, Латвія і Эстонія сталі сябрамі альянсу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі вайсковы самалёт зноў парушыў паветраную прастору над Балтыйскім морам