Сьцісла
- На Расею цяпер прыпадае такая ж доля абароту самых буйных беларускіх кампаніяў, як і да 2020 году.
- У цяперашніх умовах буйному бізнэсу выгадней гандляваць з Расеяй, рэч тут не ў наўпроставых загадах Лукашэнкі.
- Пасьля Лукашэнкі пры паляпшэньні стасункаў з суседзямі, адкрыцьці іх рынкаў і адмене санкцыяў буйны бізнэс можа ладнай часткай пераарыентавацца на Эўропу на працягу 5 гадоў.
Выданьне «План В» апублікавала дасьледаваньне пра сучасны буйны беларускі бізнэс. Галоўная выснова — у загалоўку: «У топ-50 найбуйнейшых беларускіх прыватных бізнэсаў у блізкім замежжы 75% зарабляюць у Расеі».
Пра вынікі гэтага дасьледаваньня і высновы зь яго Свабода распытала рэдактарку выданьня Вольгу Лойку.
Беларуская «рака», што ўпадае ў «Рускае мора»
—Вольга, як зьбіралі інфармацыю для дасьледаваньня?
Вольга Лойка
— Дасьледаваньне заснавана на адкрытай справаздачнасьці, плюс уласныя справаздачы і ўласная база разьлікаў за апошнія 15 гадоў. Параўнаньне, супастаўленьне важнае для таго, каб ацаніць, куды мы рухаемся.
— Пра які бізнэс ідзе гаворка? Пра рэлякаваны, пра створаны за мяжой, ці пра той, які па-ранейшаму працуе, дзейнічае ў Беларусі?
— Рэлякаваных сярод іх зусім няшмат. Размова ідзе пра бізнэс, які працуе ў Беларусі. Некаторыя фірмы ствараліся ў Расеі, некаторыя ствараліся ў Беларусі, а потым маштабаваліся ў Расеі.
Напрыклад, у сьпісе фігуруе кампанія «Рускае мора», якая была выкупленая Аляксандрам Машэнскім. Ёсьць кампаніі, створаныя былымі беларускімі чыноўнікамі, якія сталі бізнэсоўцамі, топ-мэнэджэрамі кампаніі з удзелам у капітале.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саўладальніка алейнага холдынгу Луцэнку другі год запар назвалі самым пасьпяховым бізнэсоўцам Беларусі— А дзе знаходзяцца вытворчыя актывы гэтых фірмаў? У Беларусі ці ў краінах разьмяшчэньня, у тым ліку і ў Расеі?
— У каго як. Скажам, EPAM працуе ў Польшчы, большая частка тамтэйшага пэрсаналу — рэлякаваныя. Зрэшты, EPAM — дастаткова ўмоўна беларуская кампанія, хіба што па краіне паходжаньня заснавальніка — Аркадзя Добкіна.
Самыя буйныя беларускія прыватныя кампаніі і групы кампаній — гэта тыя, у каго ёсьць вытворчыя магутнасьці у Расеі і хто там пачынаў. Скажам, гандлёвы дом «Садружнасьць» Натальлі і Аляксандра Луцэнкаў і іншыя іх кампаніі. Яны вырабляюць кармы для жывёлаў і прадаюць іх, акрамя Расеі, па ўсім сьвеце. Вядомыя беларускія вытворцы харчовых прадуктаў Аляксандар Машэнскі і Яўген Баскін маюць вытворчыя магутнасьці ў Беларусі і ў Расеі. У Машэнскага (гандаль рыбнай прадукцыяй) «Рускае мора» — у Расеі, «Савушкін прадукт» — у Беларусі, у Баскіна (гандаль птушыным мясам) вытворчасьць у Беларусі, а пастаўкі — у значнай меры ў Расеі.
«Доля Расеі ў абароце буйнога бізнэсу — такая ж, як была да 2020 году»
— А якая дынаміка гэтай долі, якая прыпадае на Расею? Да 2020 году эўрапейскіх санкцый не было, атмасфэра адносінаў Беларусі і ЭЗ была іншай, чым цяпер. Якая доля дзейнасьці беларускага буйнога бізнэсу прыпадала на РФ?
— А прыкладна такая ж, тыя ж 75%. Асноўная частка гандлю беларускага буйнога бізнэсу і тады прыпадала на Расею. Гэта ў меншай ступені тычыцца IT-бізнэсаў. Некаторыя зь іх рэлякаваліся, ніякіх актываў у Беларусі ў іх не засталося, і фактычна зь Беларусьсю яны зьвязаныя толькі з паходжаньнем уладальніка. Мы ўключалі ў наш рэйтынг кампаніі, якія ўсё ж маюць дакумэнтальна пацьверджаныя сувязі з Беларусьсю. EPAM — адна з іх. Пераважная арыентацыя на Расею — гэта ня вынік палітычнага выбару ўладальнікаў буйных кампаній, гэта ня вынік падзеяў 2020 ці 2022 гадоў. Гэта тое, што склалася гістарычна, і тое, што надзвычай складана памяняць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы прэм’ер Беларусі Кабякоў узначаліў расейскую вугальную кампаніюВытворчыя актывы многіх кампаній знаходзяцца ў Беларусі ці Расеі, і яны ня могуць іх перавесьці ў іншыя юрысдыкцыі. Выбар на карысьць Расеі — гэта далёка не заўсёды палітычны ці культурны выбар. Гэты выбар не азначае, што ўладальнік бізнэсу падтрымлівае беларускую ўладу і расейскую агрэсію ва Ўкраіне. Я хачу падкрэсьліць, што мы вывучалі толькі самы буйны беларускі бізнэс. Вядома, што сярод іх мала навічкоў. І што нямногія зь іх маглі б рэлякавацца, нават калі і хацелі. Акрамя некалькіх кампаніяў, якія працуюць у сфэры кампутарнага абсталяваньня (Hardware), у наш рэйтынг трапілі ўсяго толькі дзьве беларускія кампаніі, якія дзейнічаюць за мяжой — адна ў Літве і адна ў Латвіі. Па маштабах такім кампаніям складана спаборнічаць, скажам, з вугальным бізнэсам былога прэм’ера Андрэя Кабякова. Зь ім складана канкураваць і тым, хто застаўся ў Беларусі, а ўжо рэлякаваным — тым больш.
Надвор'е сярод буйных робіць купка найбуйнейшых
— З 2020 па 2025 год доля Расеі ў зьнешнегандлёвым абароце Беларусі вырасла больш чым на 10 адсоткавых пунктаў. Эўразьвяз, Захад, увялі жорсткія санкцыі, экспарт у ЭЗ упаў у 4 разы, гандаль з Украінай зьнік наогул. Узьнікла гіганцкая вайсковая замова з боку Расеі. А доля Расеі ў абаротах буйнога бізнэсу не зьмянілася, як вы кажаце. Як гэта можа быць?
— Рэч у тым, што ў рэйтынгу найбуйнейшых кампаній «надворʼе робіць» невялікая група гігантаў. Там у першай пяцёрцы — 3 кампаніі Аляксандра Луцэнкі. Яны пераважваюць астатніх. Так жа і ў тых 25% абароту, якія прыпадаюць не на Расею, вялікая доля аднаго польскага EPAM. Калі б ня ён, доля беларускага бізнэсу, які працуе не з Расеяй, выглядала б яшчэ больш сьціпла. Некаторыя з гэтых цяжкавагавікоў маюць яшчэ карані ў савецкіх часах. І яны цяпер задаюць тэндэнцыі. Ёсьць прыклад, калі ў буйнога беларускага бізнэсу ў сувязі з гандлем з Расеяй узьнікаюць праблемы з парушэньнем санкцыйнага рэжыму. Я кажу пра фірму «Армтэкс» Вадзіма і Алега Грынкевічаў. Былі расьсьледаваньні пра тое, што яны пастаўлялі ў Расею падшыпнікі, якія лічаць таварамі падвойнага прызначэньня. Але іншых падобных прыкладаў я не прыгадаю. Буйны бізнэс ня хоча рызыкаваць парушэньнем санкцыйнага рэжыму. Для абыходу санкцый ствараюцца кампаніі меншага памеру.
— То бок рост расейскай вайсковай замовы не павялічвае долю Расеі ў абаротах прыватнага бізнэсу, таму што ён у Беларусі гэтым не займаецца?
— Частка займаецца, ёсьць прыватныя ваенпрамаўскія кампаніі. Але яны невялікія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Больш траціць немагчыма». Як расьце вайсковы бюджэт Беларусі і на што ідуць грошы— А якая сытуацыя ў беларускім бізнэсе ў краінах-суседзях? Яны за рэдкімі выключэньнямі ня ў топе самых буйных. А якія ў іх пэрспэктывы?
— Мы рабілі таксама дасьледаваньні па беларускім бізнэсе ў Польшчы, Літве і Латвіі. Сытуацыя ў многіх няўстойлівая, таму што гэта першыя гады станаўленьня, гэта людзі і бізнэс, якія нядаўна выехалі зь Беларусі, і станаўленьне зьвязанае з вялікімі выдаткамі. Хаця насамрэч пэрспэктывы ў беларускага бізнэсу ў Польшчы і Балтыі вельмі сымпатычныя. Эўрапейскі рынак прэміяльны, там вышэйшая канкурэнцыя, але вышэйшыя і даходы, там больш плацежаздольныя кліенты. Рызыкі бізнэсу ў Расеі разумеюць усе — і тыя, хто яго там робіць, і тыя, хто ня робіць. Гэта і стагнацыя ў эканоміцы, і сумнеўныя пэрспэктывы пасьляваенага існаваньня. Цяпер там больш за 20% бюджэту ідзе на вайсковыя выдаткі. І ўсе астатнія выдаткі пачынаюць прасядаць. Складанасьці на расейскім рынку ёсьць і будуць, ня кажучы ўжо пра маральна-этычны бок гэтага пытаньня. Але бізнэс проста так не кідаюць. Ёсьць вельмі шчыльная прывязанасьць да Расеі, якую вельмі складана адсекчы, пераарыентаваць на іншыя напрамкі.
Пераважная арыентацыя буйнога бізнэсу на Расею — не праз Лукашэнку
— У гэтых 75% абароту з Расеяй — колькі, фігуральна кажучы, Лукашэнкі, колькі палітыкі? Як часта ўлада кажа бізнэсу — гандлюйце не з Эўропай, а з Расеяй? Ці з Расеяй зручней, больш звыкла, больш зразумела?
— У тым, што тычыцца прыватнага бізнэсу, матывацыя ў асноўным чыста эканамічная. Гэта не дзяржкампаніі, якой можна сказаць: «Лукашэнка дамовіўся з губэрнатарам якой-небудзь расейскай вобласьці, прадаючы прадукцыю туды». З прыватнікамі гэта не праходзіць. Для іх важная наяўнасьць рынку і магчымасьці працаваць на ім.
— Ну не такія ўжо homo economicus — буйныя беларускія бізнэсоўцы. Памятаем, як некаторыя з іх кавуны і бульбу з Лукашэнкам зьбіралі.
— Ну і дзе яны цяпер? Такія людзі спрабавалі зарабіць на прыватызацыі прыбыткаў дзяржсэктара. Калі ж казаць пра іншы прыватны бізнэс, то вельмі цяжка ўвайсьці на рынак ЭЗ. Ёсьць вельмі абмежаваны набор тавараў з Беларусі, якія там можна прадаць. Мыты, канкурэнцыя, і гэта нават ня кажучы аб санкцыях. А ў Расеі мы ўжо прысутнічаем, мы ведаем і разумеем гэты рынак, там меншая канкурэнцыя. Мы можам прадаваць прадукцыю ў Кітаі, але абʼёмы, якія можна там прадаць, несумяшчальныя з тымі абʼёмамі, якія можна прадаць у РФ. У кітайцаў зусім іншыя густы, іншая культура спажываньня. Таму гэтае пытаньне чыста эканамічнае. І гістарычна абумоўленае. Я ня думаю, што буйным беларускім бізнэсмэнам усім пагалоўна хочацца працаваць у Расеі толькі таму што там Пуцін ці таму што там расейская мова.
— Доля Расеі ў зьнешнім гандлёвым абароце Беларусі істотна вырасла пасьля 2020 году і асабліва пасьля 2022 году. Пры гэтым, па вашых зьвестак, доля Расеі ў абароце буйнога беларускага бізнэсу практычна не зьмянілася. Але гэта азначае, што ў кагосьці ў Беларусі доля Расеі ў абароце павялічылася. У каго?
— Дзяржаўныя кампаніі фактычна цалкам страцілі свае гандлёвыя «дочкі» у ЭЗ, і яны цяпер спрабуюць альбо павялічваць паток у Расею, або ісьці ў краіны «далёкай дугі».
З кім будзе гандляваць буйны беларускі бізнэс у дэмакратычнай Беларусі?
— У будучай Беларусі — дэмакратычнай, без Лукашэнкі — ці можа нешта зьмяніць гэтую прапорцыю — 75% абароту буйнога бізнэсу — на Расею? Якія стымулы патрэбныя, каб іх зьмяніць? Вы сказалі, што сучасны выбар буйнога бізнэсу вызначае не Лукашэнка. А чаму гэты выбар стане іншым без Лукашэнкі?
— Калі адыход Лукашэнкі ад улады будзе азначаць паляпшэньне стасункаў з суседзямі, адмену санкцый і адкрыцьцё рынкаў суседніх краінаў, многія бізнэсы змогуць пераарыентавацца — часткова ці цалкам — на заходнія рынкі. Гэта тым больш адбудзецца, калі расейскі рынак будзе больш плацежаздольны. Калі гаворка ідзе пра самыя буйныя кампаніі, пра «Садружнасьць» і пра вугальны бізнэс, то іх уладальнікі пры новых абставінах могуць пайсьці ў расейскую юрысдыкцыю і мы з чыстым сумленьнем можам сказаць, што гэта ўжо не беларускі бізнэс. Хоць гэтыя кампаніі і дэмакратычнай Беларусі былі б карысныя.
— У канцы 2010-х гадоў Лукашэнка і МЗС прапанавалі канцэпцыю «трох трацінаў» адносна зьнешняга гандлю: траціна зьнешняга гандлю — з РФ, другая — з ЭЗ, трэцяя траціна — з усімі астатнімі. Палітычнымі сродкамі, стварэньнем іншых, чым цяпер, палітычных умоваў, ці можна хутка перайсьці да рэалізацыі гэтай формулы?
— Я думаю, што можна цягам пяці гадоў. У 2019 годзе сытуацыя была блізкая да рэалізацыі гэтай формулы і ўсё да гэтага ішло.