Расьсьледаваньне БРЦ: Арабскі партнэр Лукашэнкі зарабляе на нерухомасьці ў Літве

Сярод іншых праектаў Puiki investicija ў Літве была і прапанова на рэканструкцыю гістарычнага кварталу ў портце Клайпеды

Арабскі бізнэсовец, які амаль два дзесяцігодзьдзі абслугоўваў шматмільённыя зьдзелкі ў інтарэсах Аляксандра Лукашэнкі і набліжаных да яго асобаў, у апошнія гады стаў актыўным гульцом на рынку нерухомасьці Літвы, сьцьвярджае Беларускі расьсьледніцкі цэнтар.

У матэрыяле БРЦ расказваецца пра пра інвэстыцыі ў нерухомасьць, якія ў Літве зрабіў Муҳамэд Ахмэд Салем Халіфа аль-Зарым аль-Суўаідзі з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў праз сваю літоўскую кампанію Puiki investicija.

Паводле БРЦ, аль-Суўаідзі цесна зьвязаны зь беларускім бізнэсоўцам Віктарам Шаўцовым і разам з ім кантраляваў будаўнічую кампанію «Белзамежбуд» (з 2022 года — «ВіяСЭТрэйд»). У сваю чаргу, Віктар Шаўцоў дзясяткі гадоў абслугоўвае фінансавыя інтарэсы Лукашэнкі на Блізкім Усходзе і ў Лацінскай Амерыцы.

У пачатку 2000-х кампаніі Шаўцова — ТАА «Белметалэнэрга» і банк «Інфабанк» — удзельнічалі ў пастаўках беларускай тэхнікі ў падсанкцыйны Ірак. Злучаныя Штаты пасьля зрынаньня Садама Хусэйна заявілі, што «Інфабанк» «удзельнічаў у адмываньні грошай для ірацкага рэжыму». У 2004 годзе амэрыканцы ўвялі санкцыі супраць гэтага банку. Праўда, праз дзесяць гадоў, у 2014-м, гэтыя абмежаваньні зьнялі — на той момант «Інфабанк» перайменавалі ў «Трастбанк», а потым — у «Банк Рашэньне».

У жніўні 2024-га, пасьля выхаду расьсьледаваньня БРЦ пра яго манаполію на выраб ахоўных галаграм, Шаўцоў трапіў пад санкцыі Эўразвязу і Швайцарыі.

Паводле расьсьледнікаў, з 2007 году кампанія аль-Суўаідзі і Шаўцова таксама актыўна ўдзельнічалі ў кантрактах у Вэнэсуэле, заключаных пасьля асабістых сустрэчаў Аляксандра Лукашэнкі з тагачасным кіраўніком гэтай краіны Уга Чавэсам.

У сваім матэрыяле БРЦ цытуе экс-міністр абароны Літвы, а цяпер дэпутата літоўскага парламенту Лаўрынаса Кашчунаса:

«Пасьля вашага расьсьледаваньня я зьвярнуся ва ўрад, у службы фінансавых расьсьледаваньняў, што адказваюць за санкцыі і іх захаваньне. І пабачым, што яны скажуць, бо нам трэба прасачыць усе гэтыя залежнасьці. Гэта ня так проста, як вы разумееце, бо тут шмат узроўняў, шмат проксі і гэтак далей. Але калі мы бачым пункт прызначэньня, хто канчатковы актар, і ёсьць доказы, тады можна зрабіць пэўныя крокі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расьсьледаваньне: расейскія дывэрсанты ледзь не ўчынілі выбухі ў жылым доме ў Вільні