Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка заявіў, што расейскія войскі пасьля ўдзелу ў вучэньнях «Захад-2025» пакінулі тэрыторыю Беларусі.
«Пасьля завяршэньня актыўнай фазы [вучэньняў] 16 верасьня мы пачалі назіраць, што яны фармавалі свае калёны для таго, каб рухацца ў бок Расеі. І цяпер, можна адзначыць, што такі рух адбыўся, яны не засталіся на тэрыторыі Беларусі», — сказаў Андрэй Дземчанка ў эфіры агульнанацыянальнага тэлемаратону «Адзіныя навіны».
Паводле яго, цягам усіх вучэньняў украінскі бок не фіксаваў на тэрыторыі Беларусі «якой-небудзь актыўнасьці» ў кірунку мяжы з Украінай — ні ў непасрэднай блізкасьці, ні побач з самой памежнай лініяй.
«Усе дзеяньні, усе лякацыі знаходзіліся ў глыбіні тэрыторыі Беларусі», — падкрэсьліў ён.
Андрэй Дземчанка паведаміў, што сытуацыю ў часе вучэньняў «Захад-2025» адсочвалі і выведка Міністэрства абароны, і выведка Дзяржаўнай памежнай службы, каб дакладна разумець, як разьвіваецца абстаноўка на тэрыторыі Беларусі, і ці ня будзе спробы стварыць якія-небудзь правакацыі ў кірунку ўкраінскай мяжы.
«Колькасьць тых сіл, якія Расея задзейнічала ў правядзеньні гэтых супольных вучэньняў, была неістотная. Але нягледзячы на тое, што вучэньні завяршыліся, гэты кірунак для нас, як і раней, застаецца пагрозьлівым і ў такім жа прыярытэце для бясьпекі, як і мяжа з Расеяй, і лінія фронту», — сказаў Андрэй Дземчанка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску заявілі, што расейскія вайскоўцы пасьля вучэньняў «Захад-2025» вярнуліся ў месцы дысьлякацыі ў РасеіМіністэрства абароны Беларусі 21 верасьня паведаміла, што расейскія вайскоўцы, якія ўдзельнічалі ў вучэньнях «Захад-2025» на беларускай тэрыторыі вярнуліся ў пункты сталай дысьлякацыі ў Расеі.
Вучэньні «Захад-2025» праходзілі з 12 па 16 верасьня. На час іх правядзеньня Польшча цалкам закрыла сваю мяжу зь Беларусьсю, і пакуль яе не адкрыла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На мяжы Беларусі з Латвіяй і Літвой у чарзе стаяць больш за 1700 грузавікоў. У Польшчы знайшлі яшчэ 4 расейскія дроны