Армэнія прыбрала выяву гары Арарат з пашпартоў, што выклікала спрэчкі ў грамадзтве

Выява гары Арарат на пячатцы памежнай службы Армэніі

Рашэньне ўраду Армэніі прыбраць выяву сьвятой для армянскага народу гары з дакумэнтаў выклікала шмат спрэчак.

Стагодзьдзямі Арарат лічыцца ўсюдыісным сымбалем Армэніі. Гара вышынёю 5100 мэтраў ёсьць на гербе краіны, яе выява была ў нацыянальных пашпартах. «Араратам» называюцца маркі алькаголю і цыгарэтаў, папулярны футбольны клюб зь Ерэвану. Гэта і папулярнае мужчынскае імя ў краіне, піша журналістка Радыё Свабода Рузана Стэпаньян.

Праблема толькі адна — гара месьціцца не на тэрыторыі Рэспублікі Армэнія, а ў межах Турэччыны.

Рашэньне армянскага ўраду ад 11 верасьня прыбраць Арарат з пашпартных пячатак выклікала ў армянскім грамадзтве шмат спрэчак і нязгоды. Рашэньне можа быць прадыктаванае мірнай угодай, якую падпісалі месяц таму Армэнія і Азэрбайджан, блізкі хаўрусьнік Турэччыны, зь якой у Армэніі таксама даўняя звада.

Крытыкі рашэньня лічаць, што гэта чарговая саступка прэм’ер-міністра краіны Нікола Пашыньяна Турэччыне і Азэрбайджану ў спадзеве на нармалізацыю міждзяржаўных дачыненьняў. Анкара і Баку даўно скардзіліся на тое, што Ерэван, выкарыстоўваючы выяву Арарату, нібыта выказвае тым самым тэрытарыяльныя прэтэнзіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азэрбайджан і Армэнія падпісалі мірную ўгоду пры пасярэдніцтве Трампа

Рашэньне канчаткова ўступіць у моц 1 лістапада. Нікол Пашыньян абараняе крокі ўраду:

«Наша задача — прымаць рашэньні, якія гарантуюць нам бясьпеку ўнутры нашых цяперашніх межаў ня толькі сёньня, але й на стагодзьдзе», — сказаў ён.

Турэччына ўзяла Арарат і шэраг земляў зь пераважна армянскім насельніцтвам пад кантроль пасьля 1921 году, калі з Савецкім Саюзам была падпісаная Карская дамова. Армэнія, як і Азэрбайджан, перад тым апынуліся ў складзе СССР.

Для армянскага народу Арарат — сымбаль мітычнага месца нараджэньня армянскага народу і адначасна нагадваньне пра трагедыю ХХ стагодзьдзя, калі ў Асманскай імпэрыі адбылася масавая разаніна, генацыд армянаў, у якім загінулі 1,5 млн чалавек. Турэччына тыя падзеі генацыдам не прызнае.

Некаторыя суразмоўцы Армянскай службы Свабоды прызнаюцца, што гэта вымушаныя саступкі іхнай краіны. Але абураюцца тым, што такія саступкі насамрэч робяцца, каб задаволіць туркаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азэрбайджан зьбіваў армянскія бесьпілётнікі ў Карабаху з дапамогай беларускай сыстэмы СПА

Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху

Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.

Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.

У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.

Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.

1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.

Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».