Новы корпус Рэспубліканскага клінічнага мэдычнага цэнтру (РКМЦ, так званая «лечкамісія») будуецца пад Менскам, недалёка ад асноўных будынкаў цэнтру каля аграгарадка Ждановічы ў Менскім раёне.
Як паведаміў «Позірк», раней на гэтым участку зямлі разьмяшчаліся аздараўленчы цэнтар «Сьвітанак» і санаторый «Лазурны», якія належалі дзяржструктурам і цяпер будуць зьнесеныя.
Паводле зьвестак BelPol, 25 верасьня 2023 году на падставе асабістага распараджэньня Лукашэнкі «Сьвітанак» і «Лазурны» разам з зямельным участкам прадалі ТАА «ЛэндРэсурс» за суму, эквівалентную 1,5 мільёна даляраў. Гэта зрабілі без абвяшчэньня і правядзеньня адкрытага тэндэру, а само рашэньне мае грыф «Для службовага карыстаньня».
На гэтым жа ўчастку будуюць таксама шматфункцыянальны комплекс агульнай плошчай больш за 14 тыс. квадратных мэтраў, які ўключае ў сябе СПА, лазьні, трэнажорную залю, кавярню, масажныя пакоі, купель, канфэрэнц-залю, гатэльны блёк, офісныя і іншыя памяшканьні.
Вартасьць работ ацанілі ў ня менш за 75 мільёнаў даляраў.
Заяўляецца, што здачу аб’ектаў у эксплуатацыю заплянавалі на лістапад 2025 году. Пасьля гэтага — да 31 сьнежня — «ЛэндРэсурс» абавязаны бязвыплатна перадаць «усё пабудаванае» РКМЦ.
Паводле інфармацыі BelPol, кампанію «ЛэндРэсурс» зарэгістравалі ў Полацку (Віцебская вобласьць) 14 сьнежня 2018 году з заяўленым відам дзейнасьці — аптовы гандаль вугалем, лесаматэрыяламі, санітарна-тэхнічнымі матэрыяламі і гэтак далей.
Адзначаецца, што да канца 2024 году заснавальнікам і дырэктарам «ЛэндРэсурса» быў Сяргей Анцэн, які доўгі час працаваў у кампаніі «Інтэрсэрвіс», падкантрольнай набліжанаму да сямʼі Лукашэнкі бізнэсоўцу Мікалаю Варабʼю.
У 2021-2022 гадах «ЛэндРэсурс» займаўся імпартам у Беларусь расейскай нафты (заробак ад гэтай дзейнасьці мог скласьці каля 2,2 мільярда даляраў), пры гэтым Варабей, як сьцьвярджаецца, лічыўся ў фірме дарадцам дырэктара па разьвіцьці зьнешнеэканамічных сувязяў.
Фінансавыя паказьнікі кампаніі засакрэцілі, а сама яна дэ-факта зьяўляецца кампаніяй Мікалая Варабʼя, сьцьвярджаюць расьсьледнікі.
З 30 сьнежня 2024 году кіраўніком і заснавальнікам «ЛэндРэсурса» стаў Дзьмітры Шэльпук, які працаваў у замежным таварыстве з абмежаванай адказнасьцю «РН-Захад» — даччынай кампаніі карпарацыі «Раснафта».
З спасылкай на дакумэнты BelPol паведаміў таксама аб інвэстыцыйным праекце «Сэрца сталіцы», які прадугледжвае будаўніцтва ў Менску шматфункцыянальнага жылога комплексу прэміюм-клясы з гандлёва-адміністрацыйным цэнтрам.
«Абʼект уяўляе сабой тры вежы вышынёй да 50 паверхаў кожная ў непасрэднай блізкасьці адна да адной. Іх аб’яднаюць стылабатам і суседнім гандлёва-адміністрацыйным цэнтрам [...] у межах вуліц Тамашэўскай, Ціміразева і завулка Тучынскага», — адзначаецца ў расьсьледаваньні.
Паводле BelPol, праект рэалізуюць у рамках указа Лукашэнкі, які цяпер рыхтуюць і які таксама будзе з грыфам «Для службовага карыстаньня».
Агульная плошча абʼектаў шматфункцыянальнага комплексу складзе 189.360 кв.м (плошча трох жылых дамоў — 144.360 кв.м). Яго будаўніцтва плянуюць завяршыць у сьнежні 2029 году. Яго рэалізацыяй займаецца ТАА «Мультыхаўс» — зарэгістраваная ў Менску даччыная юрыдычная асоба кампаніі Multi Building Constructing (ААЭ).
Абедзьве кампаніі BelPol называе «фірмамі-пустышкамі» і зьвяртае ўвагу на тое, што Multi Building Constructing зарэгістраваная ў ААЭ па адрасе «сельскай крамкі» ў 9-тысячным населеным пункце Масфут.
Вартасьць праекту «Сэрца сталіцы» ацэньваецца ў 262,2 мільёна даляраў. Адзначаецца, што «Мультыхаўс» разьлічвае на «ўласныя сродкі» ў памеры 63 мільёнаў даляраў, на 25 мільёнаў даляраў банкаўскага крэдыты і 164 мільёны даляраў ад «дольшчыкаў». Пры гэтым, як заяўляецца, забудоўшчык атрымае падатковыя льготы.
«За пабудову новага лячэбнага корпусу для Лукашэнкі Варабей спачатку атрымаў магчымасьць гандляваць нафтапрадуктамі, а цяпер атрымаў у сваё кіраваньне фірму, якая мае прамое дачыненьне да інвэстыцый пад назвай „Сэрца сталіцы“, якія часткова будуць фінансаваць зь дзяржаўнага бюджэту, і асабістым указам Лукашэнкі будуць вызваленая ад падатку на прыбытак, нерухомасьць і зямельнага падатку», — удакладнілі ў BelPol.
«На наш погляд, ня варта тлумачыць, што ўвесь прыбытак будзе выведзены на рахункі ў [Абʼяднаныя] Арабскія Эміраты і самі пабудовы таксама будуць належаць не Беларусі», — заявілі ў абʼяднаньні BelPol.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшла расьсьледаваньне: як і колькі набліжаныя да Лукашэнкі зарабляюць на абыходзе санкцыяў за кошт «Гродна Азоту»