Расьсьледаваньне: таемная сетка, якую фінансуе Расея, спрабуе сарваць выбары ў Малдове

Перадвыбарчая агітацыя палітычных партый, якія ўдзельнічаюць у парлямэнцкіх выбарах у Малдове. Ілюстрацыйнае фота

Журналісты BBC украніліся ў сетку, якую каардынуюць праз Telegram, і высьветлілі як яна працуе, каб сарваць парлямэнцкія выбары, якія адбудуцца ў Малдове 28 верасьня.

Рэкрутаў запрасілі на адмысловыя онлайн-сэмінары, на якіх «рыхтавалі апэратыўнікаў». Сярод назваў сэмінараў было такое — «Як прайсьці шлях ад кухні да нацыянальнага лідэра», адзначаецца ў расьсьледаваньні BBC.

Удзельнікаў такіх мерапрыемстваў рэгулярна тэсьціравалі на атрыманьне ведаў, і такім чынам адлічвалі кандыдатаў, якія не падыходзілі для такой працы.

Урэшце з журналісткай BBC зьвязалася каардынатарка сеткі Аліна Жук, якая ў сацыяльных сетках пазначыла, што яна паходзіць з Прыднястроўя і некалькі апошніх гадоў не адзін раз наведвала Расею.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малдова абвясьціла беларускага дыплямата пэрсонай non grata і высылае яго з краіны

Каардынатарка паабяцала плаціць тры тысячы малдоўскіх леяў (170 даляраў у эквіваленце) на месяц за публікацыі ў TikTok і Facebook перад выбарамі праз расейскі «Промсвязьбанк», які знаходзіцца пад санкцыямі і лічыцца афіцыйным банкам Міністэрства абароны Расеі. Апроч таго, гэты банк зьяўляецца акцыянэрам адной з кампаній Ілана Шора — зьбеглага малдоўскага алігарха, якога абвясьцілі ў міжнародны вышук паводле падазрэньня аб крадзяжы мільярда даляраў з банкаўскай сыстэмы Малдовы. Цяпер ён хаваецца ў Расеі і намагаецца ўплываць на палітыку ў Малдове.

Пасьля першага этапу адбору рэкрутаў пачалі навучаць, як рыхтаваць публікацыі пры дапамозе ChatGPT, але рэкамэндавалі не злоўжываць гэтым інструмэнтам, каб тэксты ўспрымаліся «арганічна». Спачатку іх прасілі публікаваць патрыятычныя допісы аб гістарычных дзеячах Малдовы, але паступова патрабаваньні набывалі выключна палітычны характар. У прыватнасьці, журналістку ВВС прасілі пісаць аб тым, што цяперашні ўрад Малдовы плянуе фальсыфікацыю вынікаў выбараў, аб тым, што патэнцыйнае сяброўства краіны ў ЭЗ залежыць, ці стануць яе грамадзяне часткай ЛГБТ і што прэзыдэнтка Мая Санду садзейнічае гандлю дзецьмі.

Згодна з вынікам расьсьледаваньня, у сетцы такіх прапагандыстаў задзейнічаныя сама меней 90 профіляў у TikTok (некаторыя зь іх маскіруюцца пад інфармацыйныя агенцтвы), якія апублікавалі тысячы відэаролікаў, якія набралі больш за 23 мільёна праглядаў і 860 тысяч лайкаў з студзеня 2025 году. Насельніцтва Малдовы складае ўсяго 2,4 мільёна чалавек.

Паводле экспэртаў, насамрэч сетка можа быць значна большай.

Удзельнікам сеткі таксама плацяць за тое, што яны знаходзяць прыхільнікаў прарасейскай апазыцыі, таемна іх запісваюць і праводзяць так званыя апытаньні. Гэта робяць для таго, каб стварыць глебу для непрызнаньня вынікаў выбараў у выпадку перамогі на іх дэмакратычных і праэўрапейскіх сіл Малдовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Санду абвінаваціла Расею ў плянах умяшацца ў парлямэнцкія выбары ў Малдове