Вялікая Брытанія, Аўстралія і Канада прызналі Палестынскую дзяржаву

Акцыя салідарнасьці з палестынцамі ў Вене (Аўстрыя), 20 верасьня 2025 году

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр заявіў аб прызнаньні сваёй краінай Палестынскай дзяржавы.

«Сёньня, каб аднавіць надзею на мір для палестынцаў і ізраільцян і рашэньне канфлікту шляхам стварэньня дзьвюх дзяржаў, Злучанае Каралеўства афіцыйна прызнае Дзяржаву Палестыну», — заявіў Кір Стармэр. Адпаведную відэазаяву ён разьмясьціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Аналягічную заяву зрабіў і прэм’ер-міністар Канады Марк Карні.

«Канада прызнае Дзяржаву Палестына і прапануе сваё партнэрства ў стварэньні абяцаньня мірнай будучыні як для Дзяржавы Палестына, так і для Дзяржавы Ізраіль. Канада робіць гэта ў рамках скаардынаваных міжнародных намаганьняў па захаваньні магчымасьці рашэньня аб стварэньні дзьвюх дзяржаў. Хоць Канада ня мае ілюзій адносна таго, што гэтае прызнаньне зьяўляецца панацэяй, яно цьвёрда адпавядае прынцыпам самавызначэньня і асноўных правоў чалавека, адлюстраваным у Статуце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, і пасьлядоўнай палітыцы Канады на працягу пакаленьняў», — адзначаецца ў заяве канадзкага прэм’ера.

Пры гэтым Марк Карні раскрытыкаваў цяперашнюю палітыку Ізраіля, накіраваную супраць стварэньня Палестынскай дзяржавы.

Прэм’ер-міністар Аўстраліі Энтані Альбанэзэ, які накіраваўся ў ЗША для ўдзелу ў пасяджэньні Генэральнай асамблеі ААН, таксама заявіў аб прызнаньні Дзяржавы Палестына.

«Пачынаючы з сёньня, нядзелі 21 верасьня 2025 году, Аўстралійскі Саюз афіцыйна прызнае незалежную і сувэрэнную дзяржаву Палестына», — адзначаецца ў заяве аўстралійскага прэм’ера.

Паводле яго, прызнаньне незалежнай Палестынскай Дзяржавы адлюстроўвае даўнюю прыхільнасьць Аўстраліі рашэньню аб дзьвюх дзяржавах, якое заўсёды было адзіным шляхам да сталага міру і бясьпекі для ізраільскага і палестынскага народаў.

Летась Палестыну як незалежную дзяржаву прызналі Нарвэгія, Гішпанія і Ірляндыя. Тады ў адказ на гэта Ізраіль адклікаў сваіх амбасадараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нарвэгія, Гішпанія і Ірляндыя прызналі Палестыну як незалежную дзяржаву. Ізраіль адклікае сваіх амбасадараў

Сёлета ў ліпені прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што Парыж прызнáе палестынскую дзяржаву на Генэральнай Асамблеі ААН у верасьні. Яна будзе праходзіць 23-30 верасьня.

Незалежнасьць Дзяржавы Палестына ў цяперашні час прызнаюць каля 150 з 193 дзяржаваў — чальцоў ААН. ЗША і Ізраіль адмаўляюцца прызнаваць яе цяпер. Згодна з рэзалюцыямі ААН, тэрыторыя дзяржавы павінна складацца з Заходняга берагу ракі Ярдан, сэктару Газа і Ўсходняга Ерусаліму, але Ізраіль ня згодны з такімі межамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і Ізраіль адрэагавалі на плян Францыі прызнаць палестынскую дзяржаву


  • 7 кастрычніка 2023 году баевікі ХАМАС уварваліся на тэрыторыю Ізраілю, забіўшы каля 1200 чалавек і ўзяўшы больш за 250 закладнікаў.
  • У адказ Ізраіль пачаў ваенную апэрацыю ў сэктары Газа, заявіўшы, што яе мэта — вызваліць закладнікаў і зьліквідаваць ХАМАС.
  • Паводле Міністэрства аховы здароўя Газы, падкантрольнага ХАМАС, у выніку ізраільскіх нападаў у гэтым сэктары загінулі больш за 50 000 чалавек. Незалежнага пацьверджаньня гэтым лічбам няма, гэтая статыстыка не падзяляе ўзброеных і цывільных асобаў.
  • У чэрвені прэзыдэнт Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас публічна асудзіў напад баевікоў ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году. Раней ён заклікаў ХАМАС вызваліць закладнікаў, але ўстрымаўся ад беспасярэднага асуджэньня нападу 7 кастрычніка.
  • Кіраўніцтва Палестынскай нацыянальнай аўтаноміі адмовілася ад падтрымкі тэрарызму як інструмэнту барацьбы за стварэньне арабскай дзяржавы ў Палестыне, але адміністрацыя рэдка асуджае дзеяньні тэрарыстычных груповак.