У Менску заявілі, што расейскія вайскоўцы пасьля вучэньняў «Захад-2025» вярнуліся ў месцы дысьлякацыі ў Расеі

Расейскія вайскоўцы, якія ўдзельнічалі ў вучэньнях на тэрыторыі Беларусі. Архіўнае фота

У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што расейскія вайскоўцы, якія ўдзельнічалі ў вучэньнях «Захад-2025» на беларускай тэрыторыі вярнуліся ў пункты сталай дысьлякацыі ў Расейскай Фэдэрацыі.

Прэсавая служба ведамства таксама апублікавала фота прыбыцьця першага эшалёну з вайскоўцамі менскай мэханізаванай брыгады, якія ўдзельнічалі ў вучэньнях «Захад-2025» на расейскіх палігонаў.

«Танкавыя, мотастралковыя вайсковыя часткі, падразьдзелы вайсковай СПА і БЛА цягам двух месяцаў праходзілі падрыхтоўку ў навучальных цэнтрах, пераймаючы досьвед у расейскіх калег. Атрыманыя навыкі былі пасьпяхова выкарыстаныя ў часе вучэньняў „Захад-2025“. Расейскія вайскоўцы, якія бралі ўдзел у супольных стратэгічных вучэньнях, адбылі ў пункты сталай дысьлякацыі ў Расейскай Фэдэрацыі», — адзначаецца ў паведамленьні.

Вучэньні «Захад-2025» праходзілі з 12 па 16 верасьня. На час іх правядзеньня Польшча закрыла сваю мяжу зь Беларусьсю, і пакуль яе не адкрыла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што экспэрты кажуць пра наступствы закрыцця мяжы Польшчы зь Беларусьсю