Зяленскі: Украіна разьлічвае, што прапанаваны Эўразьвязам 19-ы пакет санкцый будзе для Расеі «сапраўды балючым»

Уладзімір Зяленскі, архіўнае фота

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што за апошні тыдзень расейскія войскі выкарысталі супраць Украіны больш за 1500 ударных дронаў, больш за 1280 кіраваных авіябомб і 50 ракет розных тыпаў.

«У гэтай зброі знайшлі тысячы замежных кампанэнтаў — больш за 132 тысячы — з розных краіны. Эўропа, Амэрыка, Кітай, Японія і дзясяткі іншых. Усе гэтыя тэхналёгіі дапамагаюць ствараць Расеі зброю ў вялікіх маштабах. Усе дзеля тэрору супраць нашых людзей», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны перакананы, што, калі цяпер Расею не спыніць, то яна стане пагрозай для краін Эўропы і Ціхаакіянскага рэгіёну.

«Моцныя санкцыі — інструмэнт, які дапаможа гэта спыніць. Трэба перакрыць усе магчымыя шляхі паставак, абыходу санкцый, ціснуць на краіны і асобныя кампаніі, якія ім дапамагаюць. [...] Мы разьлічваем, што 19 пакет санкцый Эўразьвязу будзе сапраўды балючым і што Злучаныя Штаты далучацца да эўрапейцаў», — падкрэсьліў Уладзімір Зяленскі.

Эўрапейскі зьвяз прапанаваў чарговае ўзмацненьне санкцыйнага рэжыму супраць Расеі за агрэсію супраць Украіны. У ім прадугледжваюцца абмежаваньні і датычна Беларусі за падтрымку вайны Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, што ўключаюць у 19-ы пакет санкцыяў Эўразьвязу супраць Расеі

Якія санкцыі прапануюць супраць Беларусі

У праекце рашэньня Рады ЭЗ і ў суправаджальных дакумэнтах Эўракамісіі, датаваных 19 верасьня 2025 году, якія Радыё Свабода атрымала ад крыніцаў у Брусэлі, пералічаныя наступны санкцыі супраць Беларусі:

  • Забарону на доступ беларускіх грамадзян і кампаній да крыпта-кашалькоў, электронных грошай і шэрагу плацёжных сэрвісаў. Беларусам будзе таксама забаронена займаць кіроўныя пасады ў кампаніях ЭЗ, якія займаюцца крыпта-актывамі.
  • Абмежаваньні на праграмнае забесьпячэньне і тэхналёгіі: пад санкцыі трапляюць кампутарныя сыстэмы кіраваньня прадпрыемствамі, праграмнае забесьпячэньне для прамысловага дызайну і вытворчасьці, банкаўскія і фінансавыя праграмы, а таксама паслугі ў сфэры штучнага інтэлекту, высокапрадукцыйных вылічэньняў, квантавых тэхналёгій і камэрцыйнага спадарожнікавага назіраньня.
  • Забарону на экспарт у Беларусь тавараў і матэрыялаў, якія могуць узмацніць прамысловыя і вайсковыя магчымасьці краіны. Сярод іх — шынная і гумовая прадукцыя, мэталі і сплавы, электронныя кампанэнты, аптычныя прыборы, будаўнічыя матэрыялы, транспартныя сродкі і судны.
  • Удар па даходах рэжыму Аляксандра Лукашэнкі: пад поўную забарону трапляе імпарт усіх ацыклічных вуглевадародаў (гэтыя хімічныя злучэньні, у прыватнасьці, складаюць асноўную частку прыроднага газу і нафты). Гэта, паводле Брусэлю, павінна скараціць валютныя паступленьні ў беларускі бюджэт.

Разам з тым, санкцыйны пакет прадугледжвае гуманітарныя выключэньні: дазволеныя пастаўкі харчоў, угнаеньняў, мэдыкамэнтаў і мэдычных прыладаў, а таксама дзеяньні, неабходныя для судовых і арбітражных працэсаў у краінах ЭЗ.

У дакумэнтах адзначаецца, што санкцыі зьяўляюцца адказам на працяг «падтрымкі, якую беларускі рэжым аказвае агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны», і накіраваныя на тое, каб не дапусьціць узмацненьня «вайсковага, тэхналягічнага і прамысловага патэнцыялу Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз рыхтуе 19-ы пакет санкцый супраць Беларусі: акцэнт на тэхналёгіі, фінансы і даходы ад сыравіны