Там адбылося 62-е пасяджэньне Міжбанкаўскага валютнага савета дзьвюх краін, піша «Позірк».
Беларускі чыноўнік патлумачыў гэта «ціскам з боку недружалюбных краін», які «факусуецца ў вялікай ступені на банкаўскай, фінансавай сфэры».
«Трэба [гэтыя] фактары заўсёды мець на ўвазе і, натуральна, такім чынам сынхранізаваць нашу палітыку, — заявіў ён, перад гэтым адзначыўшы, што бакі ўжо «вельмі інтэнсіўна і шчыльна» стасуюцца.
На думку Галоўчанкі, неабходна «своечасова абменьвацца новымі рашэньнямі, новымі падыходамі і браць адзін у аднаго самае лепшае».
«Усім, што мы ўдала, напрыклад, укаранілі ў Рэспубліцы Беларусь у гэтай сфэры, мы з задавальненьнем дзелімся з расійскімі калегамі і наадварот прымаем ад іх таксама гэту дапамогу. Таму вось гэта вельмі важны фокус», — падкрэсьліў ён.
Кіраўнік беларускага рэгулятара і яго расейская калега Эльвіра Набіуліна падпісалі «Палажэньне аб сумеснай нагляднай калегіі». Яно прадугледжвае супрацу і абмен інфармацыяй, у тым ліку канфідэнцыйнай, у сфэры нагляду і кантролю за фінансавым рынкам.
Пасьля таго, як 24 лютага 2022 года Масква распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, а рэжым Аляксандра Лукашэнкі ёй у гэтым дапамог, краіны Захаду ўвялі шматлікія санкцыі супраць Беларусі і Расеі. Абмежавальныя меры закранулі ў тым ліку банкаўскі сэктар дзьвюх дзяржаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кібэратака парушыла нармальную працу аэрапортаў Бэрліна і Брусэля