Кібэратака парушыла нармальную працу аэрапортаў Бэрліна і Брусэля

Брусэльскі аэрапорт Завэнтэм (архіўнае фота)

Кібэратака на правайдэра аўтаматызаваных сыстэм рэгістрацыі і пасадкі пасажыраў авіярэйсаў у Эўропе парушыла раніцай у суботу нармальную працу некалькіх эўрапейскіх аэрапортаў. У Бруселі і Бэрліне гэта выклікала затрымкі і адмену рэйсаў.

Праз атаку аўтаматызаваныя сыстэмы аказаліся недаступныя, і цяпер рэгістрацыя і пасадка выконваюцца толькі ўручную, удакладнілі ў аэрапорце Брусэля. «Гэта сур’ёзна адбіваецца на раскладзе рэйсаў і, на жаль, прывядзе да затрымак і адмен рэйсаў», — гаворыцца ў заяве апублікаванай на сайце аэрапорта сталіцы Бэльгіі.

Пасажырам, чые рэйсы прызначаны на суботу, рэкамэндавана загадзя ўдакладняць актуальную інфармацыю ў авіякампаній перад паездкай у аэрапорт.

«З прычыны тэхнічнага збою ў сыстэмнага правайдэра, які працуе па ўсёй Эўропе, павялічыўся час чаканьня пры рэгістрацыі. Мы працуем над хуткім вырашэньнем праблемы», — цытуе Reuters паведамленьне на сайце бэрлінскага аэрапорта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея адраджае «савецкую Эўравізію» ў рэтра-стылі, поўным настальгіі па «халоднай вайне»