Такое рашэньне прыняў Выканаўчы камітэт Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) на паседжаньні ў Міляне 19 верасьня. На сайце МАК паведамляецца, што на паседжаньні ўлічылі досьвед Алімпійскіх гульняў у Парыжы, у якіх прынялі ўдзел 32 спартоўцы з расейскім або беларускім пашпартам у 10 розных відах спорту, бязь нейкіх інцыдэнтаў.
Спартоўцы зь Беларусі і Расеі, якія пройдуць кваліфікацыйны адбор празь міжнародныя спартовыя фэдэрацыі, будуць мець статус «Індывідуальных нэўтральных атлетаў» (AIN). Як і астатнія спартоўцы, яны павінны будуць падпісаць Умовы ўдзелу з абавязаньнем паважаць Алімпійскую хартыю, у тым ліку «мірную місію Алімпійскага руху».
Камандны ўдзел спартоўцаў з расейскім або беларускім пашпартам ня будзе разглядацца.
- Спартоўцы, якія «актыўна падтрымліваюць вайну», ня будуць мець права ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Дапаможны пэрсанал, які «актыўна падтрымлівае вайну», таксама ня мае права ўдзелу ў Алімпіядзе.
- Таксама забаронены ўдзел спартоўцаў і дапаможнага пэрсаналу, калі тыя працуюць па кантракце з расейскімі ці беларускімі вайскоўцамі альбо органамі нацыянальнай бясьпекі.
- Як і ў выпадку з Алімпійскімі гульнямі 2024 году ў Парыжы, створаць адмысловую камісію, каб ацаніць правамоцнасьць удзелу ў Алімпіядзе кожнага такога спартоўца і іх дапаможнага пэрсаналу.