BelPol: Пункт пахаваньня радыяактыўных акідаў маюць разьмясьціць каля БелАЭС

Вучэньні каля Беларускай АЭС, кастрычнік 2019 году

Пункт пахаваньня радыяактыўных адкідаў маюць разьмясьціць каля Беларускай АЭС у Астравецкім раёне, за 22 км ад літоўскай мяжы, паведаміла арганізацыя былых сілавікоў BelPol са спасылкай на свае крыніцы, апублікаваўшы адпаведны дакумэнт.

Паводле BelPol, гаворка пра адкіды 3 і 4 клясаў. Гэта сярэдне- і нізкаактыўныя адкіды — фільтры, іёнаабменныя смолы, забруджаныя матэрыялы, спэцвопратка, інструмэнты. Яны патрабуюць экранаваньня і спэцыяльных умоў захоўваньня, але гэта ня тое ж самае, што высокаактыўнае адпрацаванае паліва.

Улады Беларусі раней паведамлялі, што адпрацаванае паліва БелАЭС плянуецца перапрацоўваць у Расеі.

У паведамленьні BelPol гаворыцца, што на праект плянуецца выдзеліць 941 млн рублёў, увод у эксплюатацыю намечаны на 2030 год. Рэалізацыяй зоймецца РУП «Беларуская арганізацыя па абыходжаньні з радыяактыўнымі адкідамі».

  • Збудаваньне БелАЭС каля Астраўца завяршылася ўвосень 2023 году. Станцыя пабудаваная паводле расейскага праекту, генэральным падрадчыкам выступіла дзяржаўная карпарацыя «Росатом». Першы энэргаблёк АЭС увялі ў прамысловую эксплуатацыю ў чэрвені 2021 году, другі — у лістападзе 2023-га.
  • Другую АЭС для Беларусі 13 сакавіка 2025 году абмяркоўвалі Аляксандар Лукашэнка і кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін. Тады Лукашэнка папрасіў Пуціна, каб «Росатом» збудаваў у Беларусі яшчэ адну станцыю.
  • Пад узьвядзеньне першай АЭС, якую збудавалі ў Астраўцы, Менск атрымаў ад Расеі крэдыт на 10 млрд даляраў, плюс каля 10% кошту праекту плянавалася выдаткаваць зь бюджэту Беларусі. У 2019 годзе Лукашэнка ацэньваў кошт праекту ў 7 млрд даляраў.
  • Пытаньні наконт мэтазгоднасьці будаўніцтва існуюць ня толькі да патэнцыйнай другой АЭС, але і да ўжо дзейнай, як з экалягічнага, так і з эканамічнага боку. Абодва блёкі першай беларускай АЭС ня раз прастойвалі, пра іх рамонт не заўжды своечасова паведамлялі грамадзкасьці. Таксама былі праблемы з дастаўкай корпусу рэактара, не да канца зразумелае рашэньне пра лёс адкідаў паліва. Улады нярэдка замоўчваюць інфармацыю датычна БелАЭС.
  • І пасьля запуску БелАЭС паслугі электраэнэргетыкі для насельніцтва ў Беларусі рэгулярна даражэюць, хоць раней Лукашэнка і ягоныя міністры шмат разоў гаварылі, што АЭС дапаможа ўтрымліваць цэны на электраэнэргію без павышэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другі энэргаблёк БелАЭС уключылі ў сетку праз 12 дзён пасьля аварыйнага спыненьня