Вітаю дружа!
Дзіўнае сёлета надвор’е: залацістыя ясныя дні зьмяняюцца шэрымі, кароткімі, пахмурнымі. Заўваж, людзям ніколі не надакучвае гаварыць пра надвор’е — як пра самую важную навіну. Толькі цяпер пра гэта гавораць у Беларусі і ў Літве зусім па-рознаму.
У Беларусі неяк гэтым летам надта часта казалі пра «аб’яўлены аранжавы ўзровень небясьпекі», як бы аддавалі загад ці палохалі. Палохалі беларусаў надвор’ем. Літоўцы, наадварот, супакойвалі — стане крыху цяплей ці крыху халадней, узмоцніцца вецер, — так, як у даўнейшыя часы. Надвор’е — штука аб’ектыўная. І ўжо з прагнозу відаць, як па-рознаму жывуць краіны-суседкі. Застаецца верыць, што калісьці і мы, беларусы, вернемся да нармальных інтанацыяў.
Ты пішаш, што з радасьцю прачытаў новую кнігу Андрэя Горвата «Дом», але быў зьбянтэжаны некаторымі водгукамі на яе ў сеціве. Маўляў, аднекуль усплыў прывід сумна вядомага бальшавіцкага клясавага падыходу і фактычна абясцэніў варты павагі ўчынак Горвата, які набыў руіну колішняга панскага палацу ў Нароўлі і напісаў пра гэта кнігу.
Тут ёсьць пра што падумаць. Напрыклад, пра падмену жанраў, калі лірыку бяруцца ацэньваць як манаграфію і прыходзяць да выраку — ідэалізацыя мінуўшчыны.
Андрэй Горват у палацы Горватаў ў Нароўлі. Архіўнае фота
Між тым, уласна герой кнігі, як вынікае з назвы, — гэты вось канкрэтны нараўлянскі дом на беразе Прыпяці. А сама кніга — пра яго і пра сябе, пра дачыненьні, якія складаюцца ў аўтара з домам. Андрэй Горват прыслухоўваецца да самога сябе — што і як адгукаецца ў ім. Гэта тонкая матэрыя — зрухі душы, асацыяцыі, водгульле мрояў. Тэкст атрымаўся вельмі адчувальны, нават ранімы.
Дом населены вобразамі, уявамі, пахамі… Аднавіць яго фізычна будзе складана. Бо галоўны рэсурс тут — менавіта лірыка, а не прагматычнае ўкладаньне сродкаў, якіх няма, і ўся надзея на валянтэраў. Па сутнасьці гаворка — пра мастацкі акт, пра ўвасабленьне мары, магчыма, гэта — беларуская мара пра дом у ціхім прыгожым краявідзе — мара пра нармальнае жыцьцё.
Магчыма, гэта — беларуская мара пра дом у ціхім прыгожым краявідзе — мара пра нармальнае жыцьцё
Аўтар не пачуваецца дасьледнікам «панскага гвалту», і такім чынам пазьбягае фальшывага савецкага стэрэатыпу, пазьбягае хлусьні. Тады як аўтары водгукаў, пра якія ты кажаш, пачуваюцца няўтульна, ім бракуе гэтага, няхай бы яно было аўтарскай інтэрпрэтацыяй ці ўвогуле выдумкай. Ім не стае эксплуатацыі сялян і быццам лягічнай высновы пра «ганебную сутнасьць» Эдварда Горвата — апошняга ўладальніка нараўлянскага палацу.
Але што атрымліваецца ў выніку? Учынак Андрэя Горвата з набыцьцём палацу — галоўная тэма кнігі — адыходзіць на задні плян, як непатрэбная справа. Паводле гэтай лёгікі абструкцыі падлягаюць і замкі ў Міры ды Нясьвіжы, і ўся падобная спадчына, бо ўзьведзеная яна «на крыві народнай». Як можна ўсім гэтым захапляцца, калі за гэтым стаяць праклятыя прыгнятальнікі-паны? Гэта ўвогуле трэба зьнішчаць або хай яно гібее ды разбураецца само, як і было ў часы савецкае ўлады, што кіравалася сваім клясавым стэрэатыпам.
Кніга Горвата — гэта размова з самім сабой. І да той ступені закранае ранейшых гаспадароў, да якой не парушаецца жанр лірыкі, а менавіта — пошуку родавае сувязі тых гаспадароў з сабою, як прадстаўніком заняпалай лініі роду.
Савецкі клясавы падыход быў вялікай аблудай, бо ўсе ацэнкі даваліся не пэрсанальнаму табе і тваім учынкам, а клясе, якую нехта прыдумаў, залічыў туды цябе і ўжо далей пад ганебную ацэнку падстаўляўся ты са сваімі ўчынкамі. Скажам, калі ты паводле права радавітасьці нарадзіўся панам у ХІХ і ранейшых стагодзьдзях, ты па вызначэньні быў вінаваты ў прыгнятаньні сялян.
Да чаго прывяла гэтая аблуда, усім вядома. У ХХ стагодзьдзі ў Беларусі былі вынішчаныя ня толькі ўсе паны, але ўсё працавітае сялянства, а да ўсяго і беларуская клясавая «праслойка»-інтэлігенцыя.
Інтэр'еры палаца Горватаў. Архіўнае фота
Так і з крытыкай кнігі — Эдвард Горват патрапіў пад разнос літаральна за ўсё — ад характару да адзеньня і паводзінаў, — бо прыгнятальніка-пана належыць ненавідзець — клясава.
Ці адчувала сябе дачка таго садоўніка, якая нарадзіла ад Эдварта Горвата дзіця, няшчаснай — пытаньне з зусім не адназначным адказам. Сям’я пераехала з Нароўлі ў губэрнскі Менск. Што мы ведаем пра акалічнасьці гэтага пераезду, пра кампэнсацыі ад пана Горвата, пра іхныя размовы? Нічога. Каму ад гэтага стала лепей ці горай? Невядома. Але выснова адназначная — дрэнны пан.
Нядаўна я чытаў кнігу «Шчанячыя гады» Мэльхіёра Ваньковіча, якая выйшла з друку акурат перад «Домам» Андрэя Горвата. Ваньковіч напісаў дакумэнтальныя ўспаміны пра сваё юнацтва ў пачатку ХХ стагодзьдзя, паказаў сыстэму, што існавала ў Беларусі, дзе ўсё жыцьцё — ад гаспадаркі і судоў да сэксуальных уцехаў, — круцілася вакол пана. Сапраўды ўразіла «іншасьветнасьць» той Беларусі для нас цяперашніх:
«Беларускі сэксуальны кодэкс надзвычай ляканічны:
Вясковых дзяўчат не чапай (толькі хіба страшна п’яных); паненку з блізкага сяброўскага кола пакрыўдзіць — ганьба; усялякую іншую кабету абмінуць — справа асуджальная. Хочаш, ня хочаш — а трэба; дзеля гэтага ты на сьвет нарадзіўся. Не шкадуй нікому спэрмы. Гэта грамадзкі здабытак».
Усё гэта ні пра што не гаворыць, калі ёсьць «згода бакоў», чаго ня ўлічваюць абаронцы стэрэатыпу пра дрэннага пана.
Важна мець на ўвазе, што паны не былі прадуктам штампоўкі. Гэта былі розныя людзі, часам і супрацьлеглыя. Сядзібы, якімі была ўсеяная Беларусь, здавён былі, паміж іншым, месцамі адукацыі, культуры, мастацкімі асяродкамі талентаў. І пан зусім не абавязкова быў падлюкам-прыгнятальнікам, нават калі не займаўся дабрачыннасьцю, рэвалюцыйнай дзейнасьцю або… меў лішку вагі.
Што да эксплуатацыі, дык мы з вамі мелі і маем магчымасьць пераканацца, што грамадзкі лад не будуюць сьвятыя. Эксплуатацыя чалавека чалавекам ніколі нікуды не дзявалася і, мабыць ня дзенецца (хіба што наступіць камунізм). Іншая рэч, што яна можа быць драматычнай, можа незаўважнай, а можа быць і жаданай. Сэксуальная эксплуатацыя — таксама. У кожным разе ўсё залежыць ад саміх людзей, а не ад таго, хто і ў якую клясу іх запісаў. У мяне няма ніякага ўражаньня, што сяляне пры панах былі ў большай ступені абдзеленыя шчасьцем, чым сёньня. Адно ня варта параўноўваць тагачасных паноў паводле права радавітасьці зь сёньняшнімі — паводле права бязродзтва, якое радавітасьць перамагло.
Беларускае сялянства, між іншым, было носьбітам і творцам традыцыйнай культуры высокага кшталту
Тое, што сяляне не былі аднароднай няшчаснай галоднай масай, з ХІХ стагодзьдзя пачалі фіксаваць этнографы. Іхныя зборы сьведчаць, што беларускае сялянства, між іншым, было носьбітам і творцам традыцыйнай культуры высокага кшталту.
Выдадзены летась альбом пра экспэдыцыю Вацлава Ластоўскага 1928 году — паказвае сьвяточныя строі сялян і кадры іх зусім ня пустадомнага жыцьця, прыбраныя і не бядацкія вуліцы і хаты адбілі на сабе стагодзьдзі папярэдняга жыцьця. Бальшавікі абвінавацілі кіраўніка экспэдыцыі ў тым, што ён зьбіраў калекцыі ў «кулацкіх» хатах, бо героі здымкаў абутыя ў чаравікі ды боты, а ня ў лапці. Праз год у Беларусі пачалося татальнае зьнішчэньне «кулакоў» і адбіраньне маёмасьці ў сялян. (Алесь Адамовіч пісаў: Паводле беларускага паняцьця, дасавецкага, «кулак» — гэта той, хто сьпіць на кулаку. Упаў дзе стаяў, запрацаваўшыся да бяспамяці, і не на падушку галаву, а на цьвёрды кулак — каб лішне не заспаць.)
Напэўна, Эдвард Горват быў звычайным прадстаўніком тагачаснага канфармізму. І гаворка пра тое, што ў ягоных учынках было злачынствам, а што не — на маю думку, мусіць пачынацца з прэзумпцыі невінаватасьці, а не з клясавага асуджэньня, пасьля чаго можна заняцца вывучэньнем справы. Хоць тое, што наша гісторыя пры камуністах моцна сапсавалася і складзеная збольшага з інтэрпрэтацыяў і хлусьні, дае замала шанцаў на аб’ектыўнасьць. Згадзіся, лепш бы яна была ідэалізаванай, што, прынамсі, калі на тое ёсьць падставы, выпраўляецца. У кожным разе, кніга Андрэя Горвата — зусім не нагода для падобных водгукаў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.