Беларусы Коўна абвясьцілі збор на памятную шыльду Беларускаму асобнаму батальёну ў літоўскім войску

Беларускі асобны батальён Літоўскай арміі, 1920–1921 гады

«Беларуская сябрына Коўна» абвясьціла збор сродкаў на памятную шыльду Беларускаму асобнаму батальёну, які дзейнічаў у складзе Літоўскага войску ў 1920-я гады.

«Батальён праславіўся ў баях супраць бальшавікоў, яго ваяры атрымалі афіцыйную падзяку ад прэзыдэнта Літвы Антанаса Сьмятоны, 51 жаўнер быў адзначаны найвышэйшай узнагародай Літвы — Крыжам Віціса», — адзначаецца ў паведамленьні арганізацыі.

Ідэя ўсталяваньня памятнай шыльды зьявілася ў беларусаў Коўна ў 2023 годзе, падчас рэстаўрацыі магілы Клаўдзія Дуж-Душэўскага, архітэктара і стваральніка эскізу бел-чырвона-белага сьцяга. Менавіта тады дасьледчыкі высьветлілі, што ў Коўне дысьлякаваўся Беларускі асобны батальён. Пэўны час спатрэбіўся на пошукі інфармацыі пра батальён і высьвятленьне месцаў яго разьмяшчэньня. Увосень 2024 году былыя казармы батальёну знайшлі.

Для рэалізацыі праекту неабходна 3900 эўра. Шыльду плянуюць усталяваць 23 лістапада, калі ў Літве будуць сьвяткаваць Дзень воіна, адзначаецца на сайце гэтага праекту.

«Ад пачатку фарміраваньня Войска Літоўскага ў лістападзе 1918 году розныя беларускія (гудзкія) падразьдзелы былі важнай часткай яго структуры. Беларусы разам з прадстаўнікамі іншых меншасьцяў служылі і актыўна ўдзельнічалі ў баях за незалежнасьць Літвы: у 1919–1920 гадах супраць бальшавікоў на Дзьвінскім фронце і ў 1920 годзе супраць войскаў Віленскай (Сярэдняй) Літвы пад камандаваньнем генэрала Люцыяна Жалігоўскага. Пра значны ўнёсак сьведчыць тое, што 51 беларускі жаўнер быў узнагароджаны Крыжам Віціса», — сказаў доктар гістарычных навук Томаш Блашчак.

«Беларускія салдаты пакінулі яркі сьлед у гісторыі Літвы. Гэта была агульная барацьба за свабоду і незалежнасьць Літвы, літоўская зямля палітая крывёю беларускіх жаўнераў пад Езяросамі, Новымі Сьвянцянамі, Турмонтам, Малятамі, Дубінкамі, Мераччу, Друскенікамі, а ў Латвіі — ад Чырвонкі да самага Дзьвінску. У барацьбе за незалежнасьць загінулі больш за 30 беларускіх добраахвотнікаў, каля 20 былі параненыя», — адзначыў гісторык, публіцыст, дасьледчык гісторыі Літоўскага войска Гінтаўтас Сургэйліс.

Шыльду выканаў з каменю скульптар Кястуціс Ланаўскас.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада БНР пракамэнтавала заявы палітыкаў Літвы, што беларусы ня маюць права выкарыстоўваць «Пагоню»