Экспэртка Лузгіна падлічыла, колькі беларусаў жыве і працуе за мяжой

Беларуская акцыя ў Вільні прысьвечаная 5-годьдзю пратэстаў 2020 года ў Беларусі, 9 жніўня 2025

Паводле Анастасіі Лузгіной, 400 тысяч беларусаў пражывае за межамі сваёй краіны.

Экспэртка BEROC Анастасія Лузгіна падлічыла, колькі беларусаў жыве і працуе за мяжой і якія страты ад эміграцыі нясе Беларусь. З разьлікамі спэцыялісткі пазнаёміла выданьне Банк Ідэй.

Паводле экспэрткі не меней за 400 тысяч беларусаў, альбо 4,4% ад агульнага насельніцтва краіны, жывуць і працуюць за мяжой. Такія лічбы экспэрт атрымала, склаўшы зьвесткі па асноўных кірунках эміграцыі беларусаў.

  • На пачатак 2025 года мінімум 250 тысяч беларусаў пражывалі ў краінах Эўразьвязу.
  • У Расеі толькі ў якасьці працоўных мігрантаў па стане на 2023 год пражывала 124 тысячы беларусаў, гэта яшчэ 2% ад колькасьці насельніцтва краіны.
  • 12,8 тысячы грамадзян Беларусі, паводле зьвестак на 1 студзеня 2025 года, пражывалі ў Грузіі.

Па розных афіцыйных ацэнках за апошнія гады Беларусь пакінулі сотні тысяч чалавек. Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі заяўляла, што толькі ў 2021–2022 гадах зьехала больш за 200 тысяч чалавек. У кастрычніку 2023 года намесьнік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў ацаніў агульную эміграцыю беларусаў у 350 тысяч. Эканамісты і іншыя экспэрты лічаць, што колькасьць тых, хто зьехаў з 2020 года, вагаецца ў межах ад 100 да 500 тысяч чалавек.

Анастасія Лузгіна таксама падлічыла, што праз адток беларускіх спэцыялістаў эканоміка краіны штогод недаатрымлівае дададзенай вартасьці каля 13-15 мільярдаў рублёў (4-4,6 мільярда даляраў).

Асабліва заўважна, паводле экспэрткі, пацярпеў ІТ-сэктар. Згодна з дадзенымі польскай статыстыкі, у гэтай краіне ў ІТ-сэктары працуе ня менш за 17,5 тысячы беларусаў, а ўсяго за 2020–2023 гады Беларусь страціла каля 13,5 тысячы спэцыялістаў у гэтай сфэры. У выніку доля IT у валавым нацыянальным прадукце Беларусі ўпала з 7,1 да 4,5%, падлічыла экспэрт BEROC Анастасія Лузгіна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заснавалі прэмію для выбітых дзеячаў старэйшага пакаленьня, што апынуліся ў выгнаньні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Вільні да Паўночнай Караліны. Расказваем пра беларускія школы за мяжой