Жонка Мікалая Статкевіча: «„Сын пракрычаў, што Мікалай вяртаецца ў Беларусь, і я проста закрычала „Не“»

Марына Адамовіч

Рашэньне Мікалая Статкевіча не выяжджаць зь Беларусі — гэта «яго ўнутраная годнасьць, яго ўнутранае перакананьне і яго каштоўнасьці, ад якіх ён не гатовы адмаўляцца», заявіла жонка палітыка Марына Адамовіч у інтэрвію LRT.

Паводле слоў Марыны Адамовіч, навіну аб вызваленьні мужа яна даведалася ад сына:

«Мікалай ня здолеў да мяне датэлефанавацца. Заўсёды было так: як толькі ён апынаецца на волі, першае, што ён робіць — тэлефануе мне... Не дазваніўшыся, ён патэлефанаваў майму сыну, і ўжо Юра зьвязаўся са мной.

«Сын закрычаў: „ён вяртаецца, ён вяртаецца ў Беларусь!“ Я не магла адразу зразумець наогул, пра каго ідзе гаворка. Тады ён пракрычаў, што Мікалая вызвалілі, і ён вяртаецца ў Беларусь. І тады я проста... Проста закрычала: „Не“».

Мікалай Статкевіч на мяжы Літвы і Беларусі

Ня здолеўшы зьвязацца наўпрост, яна ўзяла тэлефон у дзяўчыны побач, прадыктавала нумар сыну, і той злучыў іх з мужам, гаворыцца ў матэрыяле.

«Статкевіч пацьвердзіў, што зь лютага 2023 году ў яго адсутнічала якая хаця сувязь. Але ён працягваў мне пісаць, як і я яму. І ён ні сэкунды не сумняваўся, як і я, што мы працягваем падтрымліваць адно аднаго... Ён пасьпеў сказаць пра тое, што вяртаецца ў Беларусь. Я сказала: „Я так хачу цябе абняць, я так даўно цябе ня бачыла“. Ён сказаў: „Гэта немагчыма, гэта дарога ў адзін канец“. Гэта значыць ён ня мог бы заставацца чакаць, пакуль я даеду», — сказала Адамовіч.

Паводле яе слоў, у голасе мужа было «неверагодна шмат энэргіі і сілы»:

«Гэта быў голас абсалютна незламанага чалавека, нягледзячы на тое, што зь пяці гадоў і трох з паловай месяцаў, праведзеных у калёніі, амаль увесь час ён правёў у адзіночнай камэры».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марына Адамовіч наведала калёнію ў Глыбокім, але там адмовіліся пацьвердзіць, што Статкевіч у іх

Адамовіч сьцьвярджае, што такое рашэньне мужа ня стала для яе адкрыцьцём:

«У мяне не было ніякіх сумневаў, што ў выпадку спробаў экспатрыяцыі Мікалай зробіць усё, каб вярнуцца ў Беларусь. А пасьля гэтага, відавочна, яго вызваленьне стане ўжо больш праблематычным».

Статкевіч, адзначыла яна, заўсёды лічыў, што любыя каштоўнасьці і перакананьні «каштуюць роўна столькі, колькі чалавек за іх гатовы заплаціць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка выказаўся пра сытуацыю са Статкевічам, згадаўшы турму: «Забралі яго»