Сайт глябальнага прафсаюзу IndustriAll, які гэтыя гады шмат пісаў пра палітвязьня Генадзя Фядыніча і іншых зьняволеных прафсаюзных лідэраў Беларусі, апублікаваў вялікае інтэрвію зь ім.
У ім Генадзь Фядыніч, якому цяпер 68 гадоў, сярод іншага расказаў пра свой стан здароўя.
«Маё здароўе ня вельмі добрае. У мяне шмат хваробаў. У мяне таксама разьвіўся дыябэт у турме. Я плянаваў правесьці апэрацыю выдаленьні грыжы ў красавіку 2022 году, але мяне арыштавалі да гэтага. Добрыя людзі ў турме папярэджвалі мяне: калі яны прапануюць вам апэрацыю ў Менску, гэта можа быць вашая апошняя апэрацыя. Яны сказалі, што такіх людзей, як я, можна проста сьпісаць на „спыненьне сэрца“. Я ўдзячны ім, яны былі шчырыя і дасьведчаныя», — сказаў Фядыніч прафсаюзнаму сайту.
Шмат гадоў Фядыніч узначальваў незалежны прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП), арыштаваны быў у красавіку 2022 году. Быў выпушчаны з турмы і выгнаны зь Беларусі 11 верасьня 2025 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьні, якіх вывезьлі ў Вільню, на прэс-канфэрэнцыі заявілі пра катаваньні і спробы вэрбаваць. ВІДЭАЗа што судзілі лідэраў РЭП
Судзілі кіраўнікоў і актывістаў прафсаюзу РЭП у закрытым працэсе з 25 лістапада па 27 сьнежня 2022 году. Судзьдзя Анастасія Папко вынесла прысуды:
- Васілю Берасьневу — 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
- Генадзю Фядынічу — 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
- Вячаславу Арэшку — 8 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
Берасьнева, Фядыніча і Арэшку вінавацілі паводле артыкулаў:
- ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу («удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»);
- ч. 3 арт. 361 КК («заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі»);
- ч. 3 арт. 130 КК («распальваньне сацыяльнай варожасьці»);
- ч. 3 арт. 361-1 КК («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзел у ім»).
Васіль Берасьнеў выйшаў на волю ў жніўні 2024 году, Генадзь Фядыніч — у верасьні 2025-га. За кратамі застаецца 70-гадовы Вацлаў Арэшка.
Што вядома пра Вацлава Арэшку
Былы палітвязень Аляксандар Манцэвіч расказаў на прэсавай канфэрэнцыі 12 верасьня ў Вільні, што зьняволены прафсаюзны дзяяч Вячаслаў Арэшка ў калёніі страціў зрок, амаль нічога ня бачыць, хоць раней чытаў кнігі.
Цяпер, ідучы пад руку ў сталоўку, пытае, ці ёсьць на небе сонца. Спатыкаецца ўначы ў камэры, ідучы ў прыбіральню, бо нічога ня бачыць. Падае, б’ецца, у яго ідзе кроў.
Лісты жонцы Арэшка піша пад трафарэтку, якую яна яму дасылае.
Перасьлед прафсаюзу РЭП
Рашэньнем Вярхоўнага суду ў Беларусі 12 ліпеня 2022 году былі зьліквідаваныя Беларускі незалежны прафсаюз і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Апошні ў красавіку быў прызнаны «экстрэмісцкай арганізацыяй».
14 ліпеня Вярхоўны суд прыняў рашэньне аб ліквідацыі Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) і Свабоднага прафсаюзу мэталістаў (СПМ). 18 ліпеня тое ж сталася зь Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў.
Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці ўтварыўся ў лістападзе 1990 году. Заснавальнікамі прафсаюзу РЭП былі 93 нізавыя прафсаюзныя арганізацыі з усёй Беларусі.
Прафсаюз РЭП дзейнічаў больш за 32 гады. У 1990-х колькасьць яго сяброў дасягала 275 тысяч чалавек. У 2018 годзе лідэраў РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка асудзілі на 4 гады «хіміі». Цяпер за кратамі знаходзіцца берасьцейская лідэрка РЭП Зінаіда Міхнюк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты, актывісты, філёзаф. Хто сярод вызваленых 11 верасьня