Беларусь выправаджвае чэскага дыплямата пасьля скандалу зь беларускімі шпіёнамі ў Чэхіі і Польшчы

МЗС Беларусі

Чэхія і Польшча ў гэтым месяцы выслалі беларускіх дыпляматаў за шпіянаж. Польшча таксама арыштавала яшчэ адну асобу, якую падазрае ў тым, што яна зьяўляецца беларускім шпіёнам.

Чэскі дыплямат аб’яўлены пэрсонай нон-грата і цягам 72 гадзін павінен пакінуць Беларусь, заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Руслан Варанкоў.

Як паведамляе БелТА, Варанкоў пры гэтым згадаў, што нядаўна ўлады Польшчы і Чэхіі нібыта «з абсалютна надуманых і беспадстаўных прычынаў прапанавалі пакінуць тэрыторыю сваіх дзяржаваў беларускім дыпляматам у рангу дарадцы».

«Сёньня ў Міністэрства замежных справаў Беларусі быў выкліканы выканаўца абавязкі кіраўніка дыпляматычнай місіі Чэхіі ў Беларусі Томаш Крыл. Яму ў якасьці меры ў адказ было заяўлена пра абвяшчэньне пэрсонай нон-грата чэскага дыплямата (дарадцы), якому належыць цягам 72 гадзін пакінуць тэрыторыю Беларусі», — заявіў Руслан Варанкоў.

Раней чэскі бок, раскрыўшы беларускую выведную сетку ў Эўропе, прызнаў беларускага дыплямата вінаватым у шпіянажы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядомае імя беларускага дыплямата ў Чэхіі, які мог мець дачыненьне да шпіёнскай сеткі

Беларускі выведнік, які працаваў у Чэхіі пад дыпляматычным прыкрыцьцём, высланы

Чэская Рэспубліка ўжо прыняла рашэньне выслаць «беларускага выведніка, які працаваў у Чэхіі пад прыкрыцьцём дыплямата».

«Мы разбурылі беларускую выведную сетку ў Эўропе! Інфармацыйная служба бясьпекі сумесна з спэцслужбамі Румыніі і Вугоршчыны пасьпяхова выкрыла і разбурыла беларускую выведную сетку, выбудаваную ў Эўропе. У сувязі з гэтай міжнароднай апэрацыяй МЗС прыняло рашэньне аб высланьні беларускага выведніка, які працаваў у Чэхіі пад дыпляматычным прыкрыцьцём», — напісала чэская спэцслужба ў сетцы X.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэскі журналіст пра «беларускую шпіёнскую сетку»: «Апэрацыя зьвязаная з працай расейскай выведкі»