Трамп заблякаваў пакет вайсковай дапамогі Тайваню на $400 млн дзеля магчымай гандлёвай угоды з Кітаем

Дональд Трамп і Сі Дзіньпін, архіўнае фота

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп адмовіўся ўхваліць пакет вайсковай дапамогі Тайваню на 400 млн даляраў, бо ён спрабуе дамовіцца аб гандлёвай угодзе і магчымым саміце з кіраўніком КНР Сі Дзіньпінам.

Пра гэта піша The Washington Post з спасылкай на свае крыніцы.

У пакет дапамогі Тайваню, паводле суразмоўцаў выданьня, амэрыканскія ўлады ўключылі боепрыпасы і бесьпілётнікі.

Прадстаўнік Белага дому паведаміў, што рашэньне аб вайсковай дапамозе Тайваню яшчэ канчаткова не прынятае.

У сакавіку выданьне з спасылкай на атрыманы сакрэтны дакумэнт пісала, што кіраўнік Пэнтагону Піт Гэґсэт лічыць Кітай адзінаю пагрозаю, на якую павінна арыентавацца міністэрства, а патэнцыйнае ўварваньне КНР на Тайвань — адзіным ключавым сцэнаром.

Дакумэнт, у прыватнасьці, заклікае аказаць ціск на ўлады Тайваню, каб яны значна павялічылі свае выдаткі на абарону. Трамп і яго хаўрусьнікі раней крытыкавалі Тайвань за недастатковыя інвэстыцыі ў абарону, заклікаючы астраўную дзяржаву выдаткоўваць да 10% свайго валавога ўнутранага прадукту на ўзбраеньні. Рэкамэндаваная прапорцыя значна вышэйшая за тыя долі ВУП, якія трацяць на абарону ЗША і іхныя саюзьнікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай пачаў маштабныя вайсковыя вучэньні вакол Тайваню, у Тайбэі выказалі пратэст