У Францыі сотні тысяч чалавек выйшлі на пратэсты супраць эканамічнай палітыкі ўраду

Пратэсты ў Францыі, 18 верасьня 2025

Сёньня ў Францыі сотні тысяч чалавек па ўсёй краіне ўзялі ўдзел у акцыях супраць эканамічнай палітыкі ўраду. Па дадзеных прафсаюзаў, ужо раніцай у пратэстах удзельнічалі да 400 тысяч чалавек, а пазьней да іх далучыліся дэманстранты ў Парыжы і іншых гарадах.

Пра гэта паведамляе DW.

У акцыях узялі ўдзел настаўнікі, машыністы цягнікоў, фармацэўты і супрацоўнікі шпіталёў. Школьнікі заблякавалі дзясяткі ліцэяў, выступаючы супраць павышэньня пэнсійнага ўзросту і скарачэньня выдаткаў на сацыяльныя патрэбы.

На мітынгах гучалі лёзунгі з патрабаваньнем адмяніць пляны папярэдняга ўраду па скарачэньні бюджэту і павялічыць фінансаваньне дзяржаўных паслугаў.

Пратэстоўцы ў Нанце 18 верасьня

Прафсаюзы патрабуюць адмовіцца ад скарачэньняў

«Гнеў велізарны, і рашучасьць таксама. Маё пасланьне прэм’ер-міністру сёньня такое: менавіта вуліцы павінны вырашаць бюджэт», — заявіла кіраўнік прафсаюзу CGT Сафі Бінэ.

Кіраўнік прафсаюзу CFDT Мэрыліз Леон назвала пратэсты «выразным папярэджаньнем» прэмʼер-міністру. «Мы хочам сацыяльна справядлівага бюджэту», — падкрэсьліла яна.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і новы прэмʼер Сэбасьцьен Лекарню апынуліся паміж пратэстоўцамі і інвэстарамі, занепакоенымі дэфіцытам бюджэту ў другой паводле памеру эканоміцы эўразоны. Парлямэнт пры гэтым застаецца глыбока расколатым.

Дэманстрацыя ў Нанце

Пратэсты закранулі школы і транспарт

Міністэрства ўнутраных спраў раней паведамляла, што ў акцыях могуць узяць удзел да 800 тысяч чалавек. У Парыжы на працу не выйшла амаль палова настаўнікаў пачатковых школ, па ўсёй краіне кожны трэці.

Рух рэгіянальных цягнікоў быў моцна парушаны, тады як высакахуткасныя лініі TGV, у асноўным, працавалі. На паўднёвым усходзе краіны пратэстоўцы перакрывалі трасы, запавольваючы рух транспарту.

Пратэстоўцы крочаць паўз сьлезацечны газ у Нанце 18 верасьня


У Нанце падчас мітынгаў адбыліся сутыкненьні, паліцыя ўжыла сьлезацечны газ. У Ліёне былі параненыя тры чалавекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацыянальная асамблея Францыі вынесла вотум недаверу ўраду