Запіс аб гэтым зьявіўся ў адпаведным пераліку, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Датычнымі да BEROC яго названыя Павал Данэйка, Зьміцер Крук, Кацярына Барнукова, Анастасія Лузгіна, Радзівон Марозаў і Алег Мазоль.
У структуру «фармаваньня» уключаныя акаўнты арганізацыі ў сацсетках і ў Youtube.
31 студзеня Менскі гарадзкі суд завочна прыгаварыў адміністрацыйнага дырэктара BEROC, вядомага эканаміста Данэйку да 12 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пастанавіў спагнаць зь яго штраф — 13 тысячаў базавых велічынь (546 тысячаў рублёў).
Па ч. 1 арт. 357 КК (змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады) яго пакаралі 9 гадамі зьняволеньня і штрафам у памеры 420 тыс. рублёў; ч. 3 арт. 3611 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім) — трыма гадамі і штрафам у 126 тыс. рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BEROC прагназуе эканамічны спад у Беларусі: рост ВУП за 2025 год — каля 2%, інфляцыя — да 10%Эканаміст таксама прызнаны вінаватым у «арганізацыі і кіраўніцтве прадпрымальніцкай дзейнасьцю, якая ажыцьцяўляецца без спэцыяльнага дазволу (ліцэнзіі), і прадпрымальніцкай дзейнасьці, якая ажыцьцяўляецца без спэцыяльнага дазволу (ліцэнзіі), спалучанай з атрыманьнем даходу ў асабліва буйным памеры» (ч. 4 арт. 16, ч. 2 арт. 233). За гэта яму прызначаны штраф у 84 тыс. рублёў.
BEROC — вядучы незалежны акадэмічны дасьледчы цэнтар у галіне эканамічных дасьледаваньняў у Беларусі. Ён праводзіць акадэмічныя і прыкладныя дасьледаваньні, арганізуе адукацыйныя праграмы па сучаснай эканоміцы.
Пачаў сваю дзейнасьць у краіне ў 2008 годзе як сумесны праект Стакгольмскага інстытуту пераходных эканомік (SITE) і Эканамічнага адукацыйнага і дасьледчага кансорцыюма (EERC) пры фінансавай падтрымцы Швэдзкага агенцтва ў разьвіцьці (SIDA) і Фонду Эўразія (East Europe Foundation).
Цяпер працуе з-за мяжы.
У красавіку зьмест сайта і акаўнтаў арганізацыі ў сацсетках атрымаў статус «экстрэмісцкіх матэрыялаў».