Брытанская паліцыя заявіла пра арышты падазраваных у шпіянажы на карысьць Расеі

Брытанская паліцыя, ілюстрацыйнае фота

Двое мужчын, ва ўзросьце 41 і 46 гадоў, і 35-гадовая жанчына былі арыштаваныя ў графстве Эсэкс непадалёк ад Лёндану па падазрэньні ў дапамозе расейскай выведцы, паведаміла паліцыя брытанскай сталіцы.

Паліцыя паведамляе, што ўсіх траіх арыштавалі ў сераду. Пазьней іх адпусьцілі пад заклад з умовамі.

Кіраўнік антытэрарыстычнага падразьдзяленьня Домінік Мэрфі патлумачыў у заяве, якую апублікавала паліцыя:

«У нашай нядаўняй працы ў справах нацыянальнай бясьпекі, мы назіраем усё большую колькасьць тых, каго мы б назвалі «пасярэднікамі», – завэрбаваных замежнымі спэцслужбамі. Сапраўды, двое маладых брытанцаў чакаюць прысуду пасьля таго, як іх завэрбавала група Вагнэра – фактычна расейская дзяржава – для падпалу склада, зьвязанага з Украінай. Ім пагражаюць працяглыя тэрміны пазбаўленьня волі, хаця, трэба ўдакладніць, што сёньняшнія арышты ніякім чынам не зьвязаны з гэтым расьсьледаваньнем».

Сёньня ж літоўскія мэдыі паведамілі, што расейскія дывэрсанты ледзь не ўчынілі выбухі ў жылым доме ў Вільні. Апэрацыя расейскіх спэцслужбаў, якая завяршылася выбухамі пасылак у Нямеччыне, Вялікай Брытаніі і Польшчы, павінна была прайсьці ў чэрвені 2024 году, але сарвалася праз тое, што выканаўца, літоўскі грамадзянін, не знайшоў кватэру ў віленскай новабудоўлі, дзе пакінулі выбуховыя прылады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расьсьледаваньне: расейскія дывэрсанты ледзь не ўчынілі выбухі ў жылым доме ў Вільні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскія ўлады заявілі пра выкрыцьцё групы, якая ладзіла тэракты ў Эўразьвязе на замову Расеі