Расейскі рэпэр, які падтрымлівае вайну супраць Украіны, сьпяваў на Дні Менска. Колькі гэта магло каштаваць?

Менск, 14 верасьня 2025

Выступ на канцэрце на Дзень гораду ў Менску, які адзначаўся 13 верасьня, расейскага рэпэра Мота (Мацьвея Мельнікава) мог каштаваць гораду ў суму каля 80 тысяч даляраў.

Такія разьлікі зрабілі ў выданьні «Люстэрка». Мацьвей Мельнікаў актыўна падтрымлівае агрэсію Расеі супраць Украіны, ён унесены ў базу ўкраінскага сайту «Міратворац» за наведваньне акупаванага Крыму. У кастрычніку 2022 году Ўкраіна ўключыла яго ў санкцыйны сьпіс за падтрымку пуцінскага рэжыму.

Журналіст «Люстэрка» як патэнцыйны заказчык выступу рэпэра Мота пацікавіўся ў ягонага канцэртнага дырэктара, якім можа быць ганарар артыста за выступ на Дзень горада ў адным з райцэнтраў Беларусі. Той адказаў, што за выступ у сталіцы рэпэр просіць тыя ж грошы, што і ў любым іншым горадзе Беларусі, але адрозьніваюцца выдаткі на дарогу і пражываньне.

«Ганарар за выступ — 6 мільёнаў расейскіх рублёў (амаль 72 тысячы даляраў, або каля 219 тысяч беларускіх рублёў паводле курсу Нацбанку на 18 верасьня). Пры безнаяўнай аплаце — 11% на падаткі, у тым ліку ПДВ — 5%», — паведаміў прадстаўнік артыста.

Дадаўшы да гэтых грошаў аплату за праезд і пражыцьцё ў гатэлі рэпэра і ягонай каманды, журналіст выйшаў на суму каля 80 тысяч даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нават не спрабуйце ствараць пляцоўкі для дыялёгу паміж украінскай і расейскай культурамі», — украінскі літаратар Вячаслаў Лявіцкі беларусам