11 верасьня пасьля сустрэчы ў Менску Аляксандра Лукашэнкі з амэрыканскай дэлегацыяй былі выпушчаныя зь месцаў зьняволеньня 52 чалавекі, сярод якіх 14 замежных грамадзян і 38 беларускіх палітвязьняў. Пазьней прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант у інтэрвію расейскаму агенцтву ТАСС заявіла, што іх памілавалі.
Усіх іх прымусова вывезьлі ў Літву. Ужо на тэрыторыі Літвы частка палітзьняволеных даведалася, што іх вывезьлі без пашпартоў, толькі з даведкай, якая пацьвярджае асобу, з подпісам тагачаснага кіраўніка дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Аляксея Бегуна. Між тым вядома, што 8 верасьня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб прызначэньні на гэтую пасаду Івана Новікава.
«Я на пэнсіі. Без камэнтароў», — адказаў 17 верасьня Аляксей Бягун журналісту Свабоды, які прадстаўвіўся грамадзянінам Беларусі і спрабаваў высьветліць, калі Бягун падпісаў даведкі, якія аказаліся ў часткі палітзьняволеных.
Між тым у самім дэпартамэнце нічога не тлумачаць пра даведкі, якія аказаліся на руках некаторых вызваленых 11 верасьня. Так, начальніку ўпраўленьня грамадзянства, пашпартнай працы і выезду за мяжу МУС Беларусі Паўлу Хрышчановічу пра такія дакумэнты нічога невядома:
«Даведка, якая пацьвярджае асобу... А што гэта за даведка? У сувязі з чым яна можа выдавацца? У нас ёсьць даведка, калі чалавек згубіў пашпарт, і вось ён зьвяртаецца ў падразьдзяленьне па грамадзянстве і міграцыі, і яму выдаюць на час вырабу новага пашпарта даведку формы № 9 на месяц, і ён ёю карыстаецца як дакумэнтам, які пацьвярджае асобу на тэрыторыі краіны. Вось гэта толькі ёсьць такая даведка», — сказаў Павал Хрышчановіч карэспандэнту Свабоды, які прадстаўвіўся грамадзянінам Беларусі.
Паводле міліцыянта, з даведкай, якая часова замяняе пашпарт, за мяжу выяжджаць нельга.
«Акрамя пашпарта — біямэтрычнага пашпарта ці пашпарта старога ўзору 1996 году, іншых дакумэнтаў для грамадзян Беларусі для выезду за мяжу ў нас не існуе», — сказаў начальнік упраўленьня грамадзянства, пашпартнай працы і выезду за мяжу Хрышчановіч.
Як слушна называць прымусовы вываз палітычных вязьняў за мяжу Беларусі
Палітычных вязьняў, якіх улады Беларусі вызваляюць з турмаў у межах пагадненьняў з амэрыканскім бокам, не пакідаюць у Беларусі. Гэта абурае многіх зь іх, якія амаль даседзелі прызначаны турэмны тэрмін і спадзяваліся жыць на радзіме, аднак апынуліся за мяжою, бяз дому і часта без дакумэнтаў. Як будзе найбольш карэктна называць гэты прымусовы вываз людзей з краіны? Разьбіраемся.
Выправаджэньне (выдварэньне)?
Не, бо выправадзіць зь Беларусі могуць толькі замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства за правапарушэньні.
Такія дзеяньні адбываюцца ў форме высланьня (высылкі), распараджэньня пакінуць краіну, якое іншаземец можа выканаць добраахвотна;
або дэпартацыі, адміністрацыйнага выправаджэньня іншаземца за межы краіны.
Высланьне і дэпартацыя іншаземных грамадзян і асобаў без грамадзянства рэглямэнтуюцца адпаведнымі заканадаўчымі актамі. Высланьне і дэпартацыя грамадзян Беларусі забароненыя законам.
Найбольш слушным тэрмінам у цяперашнім становішчы беларускіх палітвязьняў будзе прымусовая экспатрыяцыя (антонім рэпатрыяцыі). Гэта — выгнаньне грамадзяніна Беларусі за межы ягонай радзімы. Прымусовая экспатрыяцыя — незаконная працэдура, яна супярэчыць Канстытуцыі краіны.