Польская аўтакефальная праваслаўная царква ўрачыста кананізавала Катынскіх мучанікаў

Катынь, архіўнае фота

Кананізацыю прымеркавалі да даты, трагічнай для Польшчы, Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.

У верасьні 1939 году Польскую дзяржаву гвалтоўна падзялілі паміж сабой гітлераўская Нямеччына і сталінскі СССР. 17 верасьня на яе ўсходнія тэрыторыі ўвайшла Чырвоная армія. У Беларусі гэты дзень адзначаецца на афіцыйным узроўні як дзень «народнага адзінства». Але разам з Чырвонай арміяй у Заходнюю Беларусь прыйшлі арышты, дэпартацыі і расстрэлы. У той час на тэрыторыі Савецкай Беларусі не было ўжо ніводнага дзейнага храму і ніводнага афіцыйнага сьвятара — сьвятароў катавалі, забівалі, высылалі ў лягеры.

Пад рэпрэсіі таксама трапілі ўсе, хто насіў польскі мундзір: афіцэры, капэляны, чыгуначнікі, палясоўнікі, нават тыя, хто ўжо выйшаў у запас. Часта разам зь сем’ямі, прыгадвае «Хрысьціянская візія». Сярод расстраляных было нямала праваслаўных і этнічных беларусаў.

Найбольш вядомыя забойствы адбыліся ў Катыні пад Смаленскам у траўні 1940 году. Але гэта была не адзінае месца трагічнае сьмерці. Людзей забівалі ў Асташкаве, Казельску, Старабельску, а таксама ў турмах Менску і іншых беларускіх гарадоў. Пакуль што гісторыкі зафіксавалі імёны як мінімум 51 этнічнага беларуса сярод польскіх грамадзян, расстраляных у ходзе «катынскай апэрацыі». Поўны сьпіс значна шырэйшы, ён дагэтуль ня складзены.

Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквой у шэраг сьвятых былі ўключаныя:

  • протапрасьвітар палкоўнік Сымон Федаронька — галоўны капэлян Войска Польскага,
  • протаярэй маёр Віктар Раманоўскі — малады сьвятар, выпускнік Варшаўскага ўнівэрсытэту,
  • протаярэй Уладзімер Ахаб — душпастыр з Холмшчыны, расстраляны ў Асташкаве,
  • а таксама іншыя праваслаўныя сьвятары, чыя доля была падобная: арышт, допыты, лягер, гібель.


Урачыстасьці прайшлі ў варшаўскай царкве сьв. Сафіі Божай Мудрасьці. Кананізацыю зьдзейсьнілі 10 ярархаў ПАПЦ на чале зь мітрапалітам Савам. Прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўных уладаў Польшчы, Каталіцкага касьцёлу, Экумэнічнай Рады, міжнародных царкоўных структураў і сотні вернікаў, у тым ліку беларусаў, якія цяпер жывуць у Польшчы.

Кананізацыя праваслаўных ахвяраў сталінізму — знакавая падзея для ўсяго нашага рэгіёну, падкрэсьліла ініцыятыва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З мэмарыялу на месцы трагедыі ў Катыні прыбралі сьцягі Польшчы


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расстраляць бязьвінных, а потым хлусіць, хлусіць, хлусіць. Як Крэмль утойваў праўду пра ваенныя злачынствы ў Катыні