Стала вядома, што Пуцін звольніў намесьніка кіраўніка сваёй адміністрацыі, які выступаў за перамовы з Украінай

Дзьмітрый Козак і Ўладзімір Пуцін, лістапад 2013 году. Ілюстрацыйнае фота

Дзьмітрый Козак пакіне пасаду намесьніка кіраўніка адміністрацыі расейскага прэзыдэнта 19 верасьня.

«Прашэньне намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Дзьмітрыя Козака аб адстаўцы задаволена, пятніца стане яго апошнім працоўным днём», — паведаміла расейскае агенцтва «Интерфакс» з спасылкай на крыніцу.

Раней іншае расейскае агенцтва РБК паведаміла, што Козак напісаў заяву аб звальненьні. Пазьней гэты факт пацьвердзіў Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар Уладзіміра Пуціна.

«Я магу пацьвердзіць, што Дзьмітрый Мікалаевіч Козак падаў у адстаўку. На ўласнае жаданьне», — сказаў Пяскоў журналістам.

Аднак, паводле яго, адпаведны ўказ Пуціна пакуль яшчэ не апублікаваны.

Козак 25 гадоў працаваў на адказных дзяржаўных пасадах Расеі. У 2000–2004 гадах быў намесьнікам кіраўніка і першым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, у 2004–2007 гадах — паўнамоцным прадстаўніком прэзыдэнта ў Паўднёвай фэдэральнай акрузе, у 2007–2008 працаваў міністрам рэгіянальнага разьвіцьця, у 2008–2020 — віцэ-прэм’ерам. У 2020 годзе вярнуўся ў адміністрацыю Пуціна на пасаду намесьніка яе кіраўніка.

Дзьмітрый Козак быў адным з найбліжэйшых дарадцаў Уладзіміра Пуціна і кантраляваў стратэгію Крамля датычна Ўкраіны. Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) лічаць ягонае звальненьне сьведчаньнем таго, што Пуцін па-ранейшаму за працяг вайны супраць Украіны.

«Імавернае рашэньне Пуціна выціснуць з свайго блізкага атачэньня вядомага высокага службоўца Крамля пасьля выказваньня ім жаданьня спыніць вайну ва Ўкраіне яшчэ раз сьведчыць, што Пуцін і ягоныя дарадцы аб’ядноўваюцца на грунце свайго абавязаньня працягваць вайну ва Ўкраіне і вакол максымалісцкіх ваенных патрабаваньняў Пуціна», — адзначаецца ў справаздачы ISW.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайсковы аналітык: Пуцін і Лукашэнка адпрацоўваюць тры стратэгіі вайны з Захадам