Колькасьць беларусаў з дазволам на жыхарства ў Літве ад пачатку году скарацілася больш як на 10%

Ілюстрацыйнае фота

Колькасьць беларускіх грамадзян з часовымі дакумэнтамі на жыхарства ў Літве працягвае скарачацца.

Дзейны дазвол на жыхарства ў Літве на 1 верасьня мелі 51 520 грамадзян Беларусі, пра што сьведчаць статыстычныя зьвесткі Дэпартамэнту міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных справаў.

На 1 студзеня 2025 году рознага кшталту дакумэнты, якія легалізуюць жыцьцё ў краіне, мелі 57 511 беларускіх грамадзян. Улетку іх меншала. На 1 жніўня былі 51 962, на 1 ліпеня — 52 287, на 1 чэрвеня — 52 662 чалавекі.

Такім чынам, колькасьць беларусаў, легалізаваных у Літве, ад пачатку году скарацілася на 10,42%.

Дазвол на часовае жыхарства на пачатак восені мелі 47 386 беларусаў (–446 чалавек за жнівень), дазвол на сталае жыхарства — 3918 (+4), часовую картку рэзыдэнцтва ЭЗ — 141, сталую картку — 75 (абодва паказьнікі не зьмяніліся), піша «Позірк» з спасылкай на Дэпартамэнт міграцыі Літвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі сэрвіс Paysera патлумачыў, чаму заблякаваў рахункі некаторых беларусаў

Самая шматлікая нацыянальная група ўладальнікаў дазволаў на жыхарства ў Літве — украінцы. На 1 верасьня колькасьць грамадзян гэтай краіны зь дзейным дакумэнтам складала 75 928 (на 1 жніўня — 75 941, 1 ліпеня — 75 085, 1 студзеня — 77 080).

Ад жніўня 2024 году літоўскія працадаўцы, якія хочуць працаўладкаваць іншаземцаў, абавязаныя заплаціць дзяржаўны збор за хадайніцтвы на выдачу ці абмен дазволу на часовае жыхарства такіх супрацоўнікаў, а таксама на выданьне ім нацыянальнай візы.

17 красавіка Сейм Літвы працягнуў яшчэ на год — да 2 траўня 2026-га — законапраект аб нацыянальных санкцыях для грамадзян Беларусі і Расеі, адхіліўшы пры гэтым прапанову кансэрватараў ураўнаваць абмежавальныя захады для беларусаў з уведзенымі для расейцаў.

Прапанову ануляваць ім дазвол на жыхарства ў выпадку частых паездак у свае родныя краіны спачатку адхілілі, але прынялі ў траўні і толькі для грамадзян Расеі. Разам з тым, у ліпені стала вядома, што літоўскія ўлады адмовілі грамадзянцы Беларусі ў падаўжэньні ДНЖ праз частыя паездкі на радзіму — больш за 20 — і ранейшую працу стуардэсай у кампаніі «Белавія». Жанчыну прызналі «пагрозаю нацыянальнай бясьпецы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6500 чалавек за год. Беларусы масава пакідаюць Літву, зьявіліся новыя лічбы