Як паведамляе Белстат, валавы ўнутраны прадукт у студзені-жніўні 2025 году вырас на 1,6% да ўзроўню студзеня — жніўня 2024 года.
У мінулым месяцы ён склаў 1,3% з-за позьняга пачатку збору ўраджаю і нарыхтоўкі кармоў, паведамляў Белстат.
Першапачатковы прагнозны паказчык па прыросьце ВУП, зацьверджаны ўрадам, быў спрагназаваны на ўзроўні 4,1%. Зь ім спачатку пагадзіўся і Эўразійскі банк разьвіця (ЭАБР), які дае свае ацэнкі эаканамічным паказчыкам у постсавецкіх краінах, але потым панізіў плянку да 3%.
ЭАБР канстатаваў, што адзінай крыніцай прыросту ВУП Беларусі застаецца прырост даходаў насельніцтва. Гэта супярэчыць спадзяваньням ураду Беларусі.
«Для дасягненьня гэтай мэты ў праекце закладзены актыўнае інвэстыцыйнае разьвіцьцё, нарошчваньне аб’ёмаў экспарту тавараў і паслугаў, кантроль інфляцыі», — заяўляў тагачасны прэм’ер Раман Галоўчанка, прадстаўляючы прагноз.
Але з асноўнай крыніцай прыросту ВУП — экспартам — апошнім часам узьніклі складанасьці. Экспарт за першае паўгодзьдзе вырас толькі на 0,2%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зафіксавалі падзеньне прамысловай вытворчасьці, склады запоўненыя гатовай прадукцыяй вышэй за нормуПадзеньне вытворчасьці
Як раней паведаміў Белстат, па выніках студзеня-ліпеня 2025 году аб’ёмы прамысловай вытворчасьці ў Беларусі скараціліся на 0,3%.
Пакуль прырастае горназдабываючая прамысловасьць – яна паказала рост на 2,8%. А апрацоўчая прамысловасьць скарацілася на 0,6%.
Па выніках мінулага года апрацоўчая прамысловасьць паказала рост на 5,5%.
Разам са скарачэньнем вытворчасьці ў апрацоўчай прамысловасьці застаецца праблема вялікіх запасаў гатовай прадукцыі на складах заводаў. Па выніках студзеня-ліпеня 2024 года, калі ў Беларусі назіраўся рост вытворчасьці, запасы на складах былі 64% месячнага аб’ёму вытворчасьці, што блізка да ўстаноўленага ўрадам нарматыву для беларускай эканомікі, які складае 60 працэнтаў.
На 1 чэрвеня 2025 года складзкія запасы гатовай прадукцыі складалі 83,7%, ці 11,5 млрд. рублёў. На 1 ліпеня запасы на складах апрацоўчай прамысловасьці склалі 81,2% месячнага аб’ёма вытворчасьці апрацоўчай прамысловасьці, ці 11,2 млрд. рублёў. Гэта істотна вышэй за норму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На чацьвёртым годзе вайны супраць Украіны эканоміка Расеі адчула крызісныя зьявы. Аналіз Свабоды ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зафіксавалі падзеньне прамысловай вытворчасьці, склады запоўненыя гатовай прадукцыяй вышэй за норму