27-гадовая расейка Яраслава Храмчанкова асуджаная да трох гадоў калёніі паводле двух артыкулаў — «дыскрэдытацыя Беларусі» і «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Як паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна», прысуд прагучаў яшчэ 9 верасьня.
Праваабаронцы мяркуюць, што жанчыну маглі асудзіць у крымінальнай справе маніторынгавага каналу «Беларускі Гаюн», які пасьля пачатку вайны Расеі з Украінай з дапамогай жыхароў Беларусі адсочваў перамяшчэньне расейскай вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі да межаў Украіны.
Храмчанкова жыла ў Мазыры: праз гэты рэгіён Расея гнала вайсковыя эшалёны ў Жытомірскую, Чарнігаўскую і Кіеўскую вобласьці Ўкраіны.
Вядома, што Храмчанкову затрымалі разам з іншымі жыхарамі Мазыра і жыхаром суседняга Ельску.
Паводле праваабаронцаў, у «справе Гаюна» колькасьць арыштаваных або асуджаных перавысіла 60 чалавек. Пры гэтым яны адзначаюць, што сапраўдная колькасьць можа быць шматкроць большай за лічбу пацьверджаных на гэты момант выпадкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы пацьвердзілі зьвесткі 61 затрыманага ў «справе Гаюна», зьмешчаных пад варту. Большасьць затрыманых — мужчыны