Бюро прамысловасьці і бясьпекі Міністэрства гандлю ЗША ў лісьце генэральнаму дырэктару «Белавія» Ігару Чаргінцу патлумачыла падрабязнасьці адмены санкцый у дачыненьні да авіякампаніі.
Пра тое, што санкцыі здымаюцца, паведаміў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску 11 верасьня Джон Коўл, прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.
Як гаворыцца ў лісьце, васьмі самалётам «Белавія» цяпер дазволена выконваць міжнародныя рэйсы і праходзіць тэхабслугоўваньне. Пад абмежаваньнямі застаюцца Boeing 737-8EV, які выкарыстоўваецца Аляксандрам Лукашэнкам, і грузавы Boeing 747-300 EW465TQ кампаніі Transaviaexport.
У лісьце бюро растлумачыла, што зьняцьце санкцый прадугледжвае магчымасьць рабіць рэйсы ў любыя напрамкі і зь любых напрамкаў, у тым ліку зь Беларусі і ў Беларусь. Застаюцца забароненымі палёты ў Расею, Іран, Сырыю, КНДР, Кубу, і на акупаваныя Расеяй тэрыторыі Ўкраіны. Такія палёты могуць дазволіць па асобнай ліцэнзіі ці ў рамках выключэньняў.
Таксама дазваляецца рамонт, мадэрнізацыя і пастаўка дэталяў для самалётаў. Пры гэтым, такія пастаўкі непасрэдна ў Беларусь будуць магчымыя толькі з асобным дазволам амэрыканскага Бюро прамысловасьці і бясьпекі, якое мае вызначыць, што гэтыя пастаўкі ідуць на патрэбы пасажырскага флёту «Белавія».
Злучаныя Штаты ўвалі санкцыі супраць «Белавія» ў 2023 годзе.
ЗША ўвялі санкцыі супраць «Белавія» у 2023 годзе пасьля інцыдэнту 2021 году з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску і затрыманьнем блогера Рамана Пратасевіча і грамадзянкі РФ Соф’і Сапегі.
Уведзеныя Эўразьвязам у 2021 годзе санкцыі адносна «Белавія» па-ранейшаму застаюцца ў сіле. Самалёты авіякампаніі ня могуць лётаць у аэрапорты краінаў ЭЗ, а авіякампаніям краінаў Эўразьвязу нельга выконваць рэйсы ў Беларусь і празь беларускую паветраную прастору.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Літвы: рашэньне ЗША наконт «Белавія» было аднабаковым і не зьмяняе пазыцыі Літвы