Пра тое, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін унёс у Дзяржаўную думу праект аб дэнансацыі Эўрапейскай канвэнцыі па папярэджаньні катаваньняў і бесчалавечных альбо прыніжальных для годнасьці пакараньняў, стала вядома 8 верасьня.
У тлумачальнай запісцы да законапраекту зазначалася, што з 2023 году Расея ня мае прадстаўніка ў Эўрапейскім камітэце па перадухіленьні катаваньняў. Гэта зьвязана з тым, што Рада Эўропы заблякавала працэс абраньня новага чальца ад Расеі.
Эўрапейская канвэнцыя аб перадухіленьні катаваньняў была падпісана Радай Эўропы ў 1987 годзе. Дакумэнт забараняе катаваньні і ўводзіць мэханізм іх папярэджаньня.
Для кантролю створаны Эўрапейскі камітэт па перадухіленьні катаваньняў. Яго экспэрты могуць без папярэджаньня наведваць турмы, калёніі, бальніцы і любыя месцы пазбаўленьня волі. Яны фіксуюць умовы ўтрыманьня, гутараць са зьняволенымі і пэрсаналам, а потым публікуюць даклады. Краіны, якія падпісалі канвэнцыю, абавязаны супрацоўнічаць і выпраўляць парушэньні.
Расея далучылася да канвэнцыі ў 1996 годзе пры ўступленьні ў Раду Эўропы. З таго часу камітэт рэгулярна наведваў расейскія калёніі і СІЗА, фіксуючы катаваньні і жорсткія ўмовы.
Пасьля дэнансацыі Расея больш не абавязаная даваць міжнародным інспэктарам допуск да месцаў зьняволеньня. Скаргі зьняволеных у Эўрапейскі камітэт па перадухіленьні катаваньняў разглядацца ня будуць.
Беларусь не зьяўляецца чальцом Рады Эўропы і ўдзельніцай Эўрапейскай канвэнцыі па папярэджаньні катаваньняў, таму не падпадае пад яе дзеяньне і не падвяргаецца маніторынгу з боку Эўрапейскага камітэту па папярэджаньні катаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьні, якіх вывезьлі ў Вільню, на прэс-канфэрэнцыі заявілі пра катаваньні і спробы вэрбаваць. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўніца АПК: Сьмерць Паднябеннага — вынік мэтанакіраванай палітыкі рэжыму