«ПіК Свабоды». Калі палякі адкрыюць мяжу?

Рыгор Астапеня, каляж

Вучэньні «Захад-2025» скончыліся, мяжа з Польшчай па-ранейшаму на замку. Вынікі вучэньняў і наступствы зачыненьня мяжы — у гутарцы Юрыя Дракахруста з доктарам паліталёгіі Рыгорам Астапеням.
  • Што нечаканага адбылося на вучэньнях «Захад-2025»?
  • Якімі будуць наступствы рашэньня Польшчы зачыніць мяжу зь Беларусьсю?
  • Якім можа быць плён дыялёгу паміж афіцыйным Менскам і Вашынгтонам?

— Учора ў Беларусі скончыліся беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2025». Што нечаканага адбылося на іх? І што з таго, што чакалася, не адбылося?

— Я думаю, што адказ шмат у чым залежыць ад таго, хто чаго чакаў. У вучэньняў «Захад» заўжды быў нэгатыўны вобраз. Пасьля вучэньняў «Захад-2021» Расея пакінула шмат вайсковага абсталяваньня на тэрыторыі Беларусі, якое ў лютым 2022 году было выкарыстанае для нападу на Ўкраіну. Вось гэты нэгатыўны вобраз шмат у чым уплывае на тое, як успрымаюцца гэтыя вучэньні. Калі ж паглядзець па сутнасьці, то сёлетнія вучэньні «Захад-2025» былі даволі сьціплыя. Колькасьць расейскіх вайскоўцаў на іх была найменшая за ўсе гады існаваньня вучэньняў «Захад». На палігоны, дзе яны праводзіліся ў Беларусі, не прыехалі ані Лукашэнка, ані Пуцін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Захад-2025» як люстра новага балянсаваньня Лукашэнкі паміж ЗША і Расеяй, — Карбалевіч

— 10 верасьня адбылося масавае ўварваньне ў Польшчу расейскіх дронаў. На ваш погляд, ці было гэта неяк зьвязана з вучэньнямі, якія пачаліся праз два дні?

— Падчас гэтых абстрэлаў яна выкарыстоўвае велізарную колькасьць дронаў, значная частка зь якіх мае на мэце проста напружваць сыстэму супрацьпаветранай абароны. І адпаведна пэўная частка гэтых дронаў, якія былі пашкоджаныя сродкамі РЭБ некуды паляцелі. Было шмат выпадкаў, калі яны ляцелі ў Беларусь. Зараз некалькі заляцела ў Польшчу.

— Хіба ня самая важная падзея, зьвязаная з вучэньнямі — рашэньне польскага ўраду цалкам зачыніць мяжу зь Беларусьсю — і пасажырскія, і грузавыя пераходы. Нагодай былі названыя як раз вучэньні. Але амаль адразу было заяўлена, што мяжа можа застацца зачыненай і пасьля завяршэньня вучэньняў. Што і адбылося. Учора пра гэта паведаміў польскі ўрад. Калі вучэньні былі нагодай, то што — прычынай?

— Ужо некалькі гадоў паміж урадамі Польшчы і Беларусі адбываецца вельмі складаны дыялёг. Ёсьць вострыя тэмы ў двухбаковых адносінаў — міграцыйны ціск з боку Беларусі, забойства польскага салдата мігрантам, лёс Анджэя Пачобута. Ёсьць такая вельмі маральна балючая тэма, як разбурэньне могілак вайскоўцаў АК у Беларусі. І польскі бок ужо стаміўся ад Лукашэнкі і ад гэтых шматгадовых дыскусіяў. Калі абодва бакі ня могуць знайсьці паразуменьне, ім няшмат чаго застаецца апроч эскаляцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча ўжыла эканамічную «ядзерную зброю», перакрыўшы мяжу — палітычны аналітык Вадзім Мажэйка

— На ваш погляд, якая імавернасьць таго, што Лукашэнка пойдзе на саступкі, пойдзе насустрач Польшчы, каб мяжу ізноў адкрылі?

— Паміж бакамі пачалося спаборніцтва, хто першы міргне. Ну, я думаю, што праз пэўны час узьнікне попыт на пасярэдніка. Такім пасярэднікам могуць быць Злучаныя Штаты. І нейкія перамовы раней ці пазьней адбудуцца. Ніхто не зацікаўлены ў тым, каб гэтая мяжа была зачынена назаўсёды. Цяперашняя эскаляцыя можа аказацца нават у нечым карыснай, яна можа падштурхнуць бакі да пошуку рашэньняў, якія не знаходзіліся гадамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заляцаньні да Лукашэнкі нічога не дадуць — кіраўнік міжнароднай камісіі Сэйму Польшчы

— Днямі кіраўнік камісіі Сэйму Польшчы ў замежных справах Павал Коваль заявіў, што спроба ЗША наладзіць адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам нічога ня дасьць, падобныя развароты палітыкі ўжо былі ў мінулым. Выглядае, што так думае ня толькі ён. Ці згодны вы з польскім парлямэнтаром?

— Той працэс перамоваў, які цяпер адбываецца паміж ЗША і рэжымам Лукашэнкі, безумоўна даволі абмежаваны. Ці можна такім шляхам дасягнуць трансфармацыі беларускай палітычнай сыстэмы? Зразумела, не. Гэта ўжо даўно не на парадку дня. Ці магчыма дасягнуць вызваленьня палітычных зьняволеных і значнага запавольваньня хады рэпрэсіўнай машыны? Так, гэта магчыма. І гэта, дарэчы, было магчымым ужо даўно, ужо некалькі гадоў. Але аўтарытарную прыроду беларускага рэжыму гэтыя перамовы зьмяніць ня ў стане.


«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.