Ва ўкраінскі палон трапілі яшчэ трое грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі. Усе яны былі суджаныя

Расейскія вайскоўцы ў захопленай Херсонскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

Сьцісла

  • Расея працягвае вэрбаваць беларусаў, якія маюць суджанасьць.
  • Ва ўкраінскім палоне знаходзяцца 13 грамадзян Беларусі. Ня ўсе яны маюць грамадзянства з паходжаньня і нараджэньня.
  • Перадача палонных беларусаў у рамках расейска-ўкраінскіх абменаў апошні раз адбылася сёлета 10 чэрвеня. Пасьля гэтага пра абмен беларусаў не паведамлялі.
Ва Ўкраіне сьпіс беларускіх палонных павялічыўся яшчэ на тры чалавекі, і цяпер ва ўкраінскім палоне знаходзяцца 13 грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі. 

Як паведамілі Свабодзе ва ўкраінскім праекце «Хачу жыць», які вядзе Каардынацыйны штаб Украіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, іх усіх узялі ў палон у канцы лета — пачатку восені на данецкім кірунку.

У прыватнасьці, сярод іх Азямблоўскі Віктар Аляксандравіч (нарадзіўся ў Менску 20 ліпеня 1977 году, трапіў у палон паблізу населенага пункту Красны Ліман), Карлоўскі Ўладзіслаў Яўгенавіч (нарадзіўся ў Дзяржынску 11 верасьня 2001 году, у палон узялі ў Данецкай вобласьці) і Купрацэвіч Руслан Русланавіч (нарадзіўся ў паселішчы Красны Гомельскага раёну 31 кастрычніка 2001 году).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін беларус: ён працаваў у Растове, «напіўся і пайшоў у ваенкамат»

Што вядома пра новых палонных беларусаў

Віктар Азямблоўскі падпісаў кантракт з расейскай арміяй 15 траўня 2025 году. Мае 25-гадовага сына, з жонкай разышоўся.

Азямблоўскі Віктар. Фота з базы ініцыятывы BelPol

Згодна з інфармацыяй аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol, Азямблоўскі мае вялікую працоўную біяграфію, але часьцей за ўсё ён нідзе не затрымліваўся больш чым на год. Пачаў працаваць у 2003 годзе, маючы 26 гадоў. Першае месца працы — упраўленьне адукацыі адміністрацыі Партызанскага раёну Менску. Пасьля працаваў на больш як 13 прадпрыемствах будаўнічага і камунальнага профілю, а таксама на Менскім заводзе колавых цягачоў.

Найдаўжэй — 5 гадоў — ён працаваў на прадпрыемстве «Адзінаццаць», якое падпарадкоўваецца Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі. Яно знаходзіцца ў Ваўкавыску Горадзенскай вобласьці і выпускае вялікі асартымэнт прадукцыі — мэблю, электратэхнічныя тавары, спэцыяльнае адзеньне і прадукты харчаваньня. Менавіта на гэтым прадпрыемстве ў 2017 годзе закончылася ягоная працоўная біяграфія, і, паводле зьвестак на 2021 год, больш нідзе ён не працаваў.

Суджаны за крадзяжы, нясплату алімэнтаў, ухіленьне ад адбыцьця пакараньня і за парушэньне правілаў знаходжаньня ў папраўчых установах.

Уладзіслаў Карлоўскі. Фота з базы ініцыятывы BelPol

Уладзіслаў Карлоўскі падпісаў кантракт з расейскай арміяй ў ліпені 2025 году.

У 2018 годзе вучыўся ў Дзяржынску ў абласным аграрна-тэхнічным прафэсійным ліцэі.

Паводле зьвестак, якія мае BelPol, у 2021 годзе ён нідзе не працаваў.

Яго судзілі за шмат эпізодаў збыту псыхатропаў у складзе арганізаванай групы.




Руслан Купрацэвіч. Фота з базы ініцыятывы BelPol

Руслан Купрацэвіч, як і Карлоўскі, таксама пачаў ваяваць супраць Украіны на баку Расеі сёлета ў ліпені.

Яны разам служылі ў 136-й асобнай мотастралковай брыгадзе Сухапутных войскаў, якая дысьлякуецца ў Дагестане і якою камандуе дагестанец.

Руслан Купрацэвіч асуджаны за крадзяжы.

Дарэчы, гэта першы вядомы выпадак, калі беларусаў залічылі ў адну брыгаду.




Колькі беларусаў ва ўкраінскім палоне

Цяпер з улікам Віктара Азямблоўскага, Уладзіслава Карлоўскага і Руслана Купрацэвіча ва ўкраінскім палоне знаходзяцца 13 грамадзян Беларусі. Астатнія:

  • Вадзім Зайкоўскі з Гомля, нарадзіўся 5 лістапада 1966 году.
  • Ігар Сакалоўскі, нарадзіўся 23 чэрвеня 1994 году, служыў у 82-м мотастралковым палку Ўзброеных сілаў Расеі. Сам здаўся ў палон.
  • Артур Аракелян, нарадзіўся 13 сьнежня 2004 году, паходзіць з Гомельскай вобласьці, Сьветлагорскага раёну, з аграгарадку Печышчы.
  • Іван Шабунька, нарадзіўся 17 траўня 1977 году, паходзіць з Мастоў Горадзенскай вобласьці. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй 10 чэрвеня 2024 году.
  • Сяргей Шустаў, нарадзіўся 12 студзеня 1981 году. Як вынікала зь ягонага аповеду, яго сем разоў судзілі за крадзяжы, апошні раз ён, імаверна, сядзеў у Расеі, і яго забралі ў расейскае войска з калёніі. У палон беларус трапіў пад Тарэцкам у Данецкай вобласьці празь сем дзён пасьля таго, як пачаў ваяваць.
  • Андрэй Лапатнёў зь Віцебску меў праблемы з законам праз наркотыкі, і, каб унікнуць перасьледу, вырашыў зьехаць праз Расею ў Польшчу. У Маскве яго затрымалі і прымусілі падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі. 2 красавіка 2024 году ён падпісаў кантракт на службу ў 123-й мотастралковай брыгадзе і падаў заяву на расейскае грамадзянства. У пачатку сакавіка трапіў ва ўкраінскі палон таксама ў Данецкай вобласьці.
  • Артур Яфрэмаў паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці, чатыры разы суджаны за крадзяжы. Апошні раз быў затрыманы ў Расеі. Трапіў ва ўкраінскі палон у сьнежні 2024 году, імаверна, пад Купянскам Харкаўскай вобласьці.
  • Міхаіл Шалгун родам з Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці, ён нарадзіўся 10 сакавіка 1974 году, ваяваў у штурмавым палку, служыў кантрактнікам у палявой частцы, прыпісанай да Каменкі Ленінградзкай вобласьці. Чатыры разы асуджаны за хуліганства, разбойны напад і крадзяжы. Да адпраўкі ва Ўкраіну праходзіў рыхтаваньне ў Белгарадзкай вобласьці. Абвестку аб яго пошуках апублікавалі сёлета ў лютым у расейскай сацыяльнай сетцы «ВКонтакте»..
  • Мікалай Жураўлёў нарадзіўся 27 траўня 1982 году. Ягонага імя бракуе ў раней апублікаваных сьпісах беларусаў, якія ваююць на баку Расеі супраць Украіны. Згодна з інфармацыяй «Кібэрпартызанаў», Мікалай нарадзіўся пад Віцебскам. Пасьведчаньне аб нараджэньні яму выдалі ў Бабініцкім сельскім савеце, а пашпарт — у 1999 годзе ў Віцебскім РАУС. Хутчэй за ўсё нежанаты, бо зьвестак пра шлюб на 2021 год у дакумэнтах няма. Мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю — у 2005 годзе скончыў ПТВ-57. Працаваў на розных будаўнічых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, на Смаленскім рынку ў Віцебску. З 2011 па 2013 год быў беспрацоўным. У 2013 годзе працаваў у віцебскіх папраўчай калёніі № 3 і ў лячэбна-працоўным прафілякторыі № 4. Ад 2014 году значыцца зноў беспрацоўным. Ніякіх зьвестак пра ягоную актыўнасьць у Беларусі, пачынаючы з 2014 году, няма.
  • Сяргей Кузьменка нарадзіўся 22 ліпеня 1971 году. Да кантракту з расейскай арміяй жыў у расейскім горадзе Яраслаўлі. Ваяваў стралком у другім батальёне 102-га мотастралковага полку 150-й дывізіі. Хоць жыў у Расеі, меў беларускі пашпарт. У Беларусі жыве ягоная 81-гадовая маці Лідзія Кузьменка. Дэталі падпісаньня ягонага кантракту з расейскай арміяй невядомыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палонны ва Ўкраіне, які сьцьвярджае, што ён грамадзянін Беларусі і трапіў на вайну з вучэньняў у Расеі, хутчэй за ўсё не беларус

Колькі беларусаў у расейскім палоне

У расейскім палоне, імаверна, знаходзяцца двое грамадзян Беларусі:

  • Ян Дзюрбейка,
  • Сяргей Дзёгцеў.

Яны ваявалі ў складзе палку Кастуся Каліноўскага і трапілі ў палон пасьля бою пад Лісічанскам 26 чэрвеня 2022 году. Але з таго моманту так і не ўдалося знайсьці інфармацыі аб дакладным месцы іх знаходжаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі правялі сёмы этап абмену палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай. Беларусаў сярод вызваленых не было

Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь не зьяўляецца ўдзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны.