У Беларусі праз закрыцьцё польскай мяжы затрымаліся амаль 1,5 тысячы польскіх фураў

Ілюстрацыйнае фота

Закрыцьцё мяжы польскі бок тлумачыць рызыкай правакацыяў з боку Расеі і Беларусі, прызнаючы вялікую шкоду ўласнаму бізнэсу.

Прэс-служба Мытнага камітэту Беларусі апублікавала паведамленьне аб падаўжэньні тэрміну знаходжаньня польскіх фураў у краіне на 10 дзён. Гэтыя грузавікі не змаглі выехаць у Польшчу да закрыцьця мяжы.

«Зыходзячы з духу добрасуседзтва, ідучы насустрач польскаму бізнэсу, Дзяржаўны мытны камітэт прыняў рашэньне аб падаўжэньні знаходжаньня польскіх фураў на тэрыторыі Беларусі... Для падаўжэньня тэрміну перавозьніку трэба зьвярнуцца ў мытны орган, у рэгіёне дзейнасьці якога знаходзіцца транспартны сродак», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

16 верасьня МУС Польшчы апублікавала заяву аб праблеме з пастаўкамі грузаў празь мяжу зь Беларусьсю і эканамічных наступствах для кампаніяў. У ведамстве расказалі, што ўрад ацэніць страты і прыме рашэньні аб магчымай дзяржаўнай дапамозе асобным галінам вытворчасьці.

Пры гэтым колькасьць фураў назваў толькі беларускі бок — 1453 машыны, а польскі бок не пацьвердзіў і не зьняпраўдзіў гэтай лічбы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча канчаткова пацьвердзіла, што не адкрые мяжы зь Беларусьсю пасьля вучэньняў «Захад-2025»


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У чарзе на ўезд у Літву і Латвію стаяць каля 1100 фураў, пераходы ў Польшчу па-ранейшаму закрытыя