Пракурор штату Юта Джэф Грэй паведаміў, што абвінавачвае 22-гадовага Тайлера Робінсана ў забойстве вядомага кансэрватыўнага дзеяча Чарлі Кэрка.
Паводле пракурора, выстаўленыя сем пунктаў абвінавачаньня Робінсана. Сярод іх забойства, супрацьпраўнае ўжываньне агнястрэльнай зброі, што пацягнула цяжкія цялесныя пашкоджаньні, ціск на сьведкаў, перашкода правасудзьдзю, піша Reuters.
Пры гэтым абвінавачаньні афіцыйна выставяць Робінсану пазьней, на першым судовым слуханьні. Яно пройдзе ў фармаце відэаканфэрэнцыі ў сераду.
Грэй таксама заявіў, што пракуратура мае намер хадайнічаць аб сьмяротным пакараньні. У сувязі з гэтым Робінсана будуць трымаць у турме бяз права выхаду пад заклад.
31-гадовы Чарлі Кэрк, кансэрватыўны дзяяч, 10 верасьня быў забіты стрэлам у шыю. У гэты момант Кэрк выступаў ва ўнівэрсытэце штату Юта.
Кэрк лічыцца адным з тых, хто дапамог Рэспубліканскай партыі ЗША і самому Дональду Трампу заручыцца падтрымкай вялікай колькасьці маладых выбарнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2024 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Змрочны момант для Амэрыкі». Што вядома пра забітага Чарлі Кэрка, вядомага прыхільніка Трампа