У Беларусі ўсё часьцей не аддаюць пазыкаў, улады спрабуюць урэгуляваць праблему новым законам

Беларускія рублі і даляры ЗША. Ілюстрацыйнае фота

У Палаце прадстаўнікоў у другім чытаньні ўхвалілі законапраект «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях наданьня пазыкаў». Што ў ім новага?

Нарматыўны дакумэнт уносіць зьмены ў Грамадзянскі кодэкс Беларусі, у законы «Аб валютным рэгуляваньні і валютным кантролі» і «Аб рэкляме», паведамілі ў Палаце прадстаўнікоў.

Фактычна ўлады хочуць зрабіць умовы атрыманьня пазыкаў у Беларусі стражэйшымі.

Законапраект мае на мэце абмежаваць пазыкі паміж фізычнымі асобамі ў замежнай валюце. Вынятак — блізкія сваякі. Таксама ўлады плянуюць забараніць выдаваць пазыкі насельніцтву пад заклад адзінага жылога дому, кватэры. Яшчэ адна магчымая зьмена — абмежаваньні на штрафныя санкцыі і працэнты за карыстаньне грашыма ў доўг (ідзецца пра дамовы пазыкі паміж фізычнымі асобамі).

Таксама хочуць забараніць індывідуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам, якія не займаюцца мікрафінансавай дзейнасьцю, выдаваць крэдыты фізычным асобам. Вынятак плянуецца для пазыкаў, якія наймальнікі выдаюць сваім работнікам.

Таксама ўлады зьбіраюцца ўвесьці забарону «на выкарыстаньне ў рэкляме рэклямадаўцаў, якія не зьяўляюцца мікрафінансавымі арганізацыямі, у тым ліку ў іхных назвах, словаў „пазыка“, „мікрапазыка“, „мікрафінансаваньне“, „грошы ў доўг“ ці вытворных ад гэтых словаў», — паведамілі ў Палаце прадстаўнікоў.

Падобныя законапраекты сьведчаць аб праблемах у гэтай сфэры. Калі раней беларусы сумленна вярталі амаль усе ўзятыя пазыкі, то за апошнія два гады гэта зьмянілася.

Зьвесткі пра колькасьць і аб’ёмы крэдытаў фізычных асобаў і аб’емы пратэрмінаванай запазычанасьці даступныя толькі на пачатак 2025 году.

Прыкладам, на пачатак году аб’ем выдадзеных насельніцтву крэдытаў склаў 38,9 млрд рублёў. Вядома, што крэдыты бралі 67,8% беларусаў, зь іх больш за палову узростам ад 26 да 45 гадоў, і менавіта гэтая катэгорыя насельніцтва пратэрміноўвае выплаты за крэдыт. На пачатак году 4,6% крэдытаў былі пратэрмінаваныя.

Фінансавая дысцыпліна беларусаў відавочна пагаршаецца. Яшчэ ў 2023 годзе аб’ём пратэрмінаваных крэдытаў, выдадзеных насельніцтву, склаў 1,9% ад усіх крэдытаў, паведамляў MyFin.

Раней доля пратэрмінаваных крэдытаў насельніцтву Беларусі ўвогуле не перавышала 0,5% агульнага аб’ёму выдадзеных крэдытаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадпрыемствы Беларусі будуць патрабаваць «законную няўстойку» з іншаземцаў за скасаваньне крэдытных дамоваў