Былы пробашч закрытага ўладамі Чырвонага касьцёла Ўладзіслаў Завальнюк пачаў службу ў Барысаве

Пробашч парафіі ў Барысаве Ўладзіслаў Завальнюк

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, які больш за год быў без парафіі, правёў першую імшу ў Барысаве.

Навіну паведаміла суполка «Каталікі Беларусі». Паводле яе інфармацыі, у Будславе і Барысаве прэзэнтавалі новых пробашчаў, і ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, які больш за год быў без парафіі, 14 верасьня адправіў першую імшу ў Барысаве.

У Барысаве апублікавалі здымкі зь першай імшы тут ксяндза Ўладзіслава, раней пробашча Чырвонага касьцёла ў Менску.

Тым часам у каталіцкім Нацыянальным санктуарыі ў Будславе пачаў працу ксёндз Аляксей Раманчук, былы пробашч парафіі Спасланьня Сьвятога Духа ў Барысаве. Зьмяніў святароў архібіскуп Юзаф Станеўскі, мітрапаліт Менска-Магілёўскі.

Былога шматгадовага пробашча касьцёла Сьв. Сымона і Алены ў Менску, закрытага ўжо амаль тры гады, ксяндза Ўладзіслава Завальнюка звольнілі і адправілі на пэнсію, а цяпер накіравалі пробашчам парафіі Спасланьня Сьвятога Духа ў Барысаве. Гэта новы касьцёл, пабудаваны і асьвячаны ў 2021 годзе.

Чырвоны касьцёл будуць рамантаваць да 2027 году

  • У ноч на 26 верасьня 2022 году здарыўся пажар у Чырвоным касьцёле. Улады заявілі аб прыпыненьні працы храму, нікога ўсярэдзіну не пускалі.
  • 6 кастрычніка 2022 году стала вядома, што ўлады забіраюць Чырвоны касьцёл у вернікаў .
  • У пашпарце аб’екту дата заканчэньня будаўніцтва — 31 студзеня 2027 году.
  • Генэральным падраднікам рэканструкцыі выступае «Менскпрамбуд». Апошні з тэндэраў, абвешчаных замоўцам працы на аб’екце — дзяржаўным прадпрыемствам «Менская спадчына» — на інжынэрна-геадэзычныя работы.
  • Рамонт пачалі толькі сёлета ў чэрвені.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску праз тры гады пасьля закрыцьця Чырвонага касьцёлу пачалі яго рамонт