Польскае выданьне Rzeczpospolita паведаміла са спасылкай на свае крыніцы, што 10 верасьня ў дом у Вырыках у Люблінскім ваяводзтве трапіла ракета, выпушчаная з польскага самалёта F-16, зь якога спрабавалі зьбіць расейскі бесьпілётнік.
Афіцыйнай рэакцыі з боку ўраду на гэтае паведамленьне пакуль няма, але на старонцы Бюро нацыянальнай бясьпекі зьявілася паведамленьне, што прэзыдэнта Польшчы Караль Наўроцкі чакае ад ураду неадкладнага высьвятленьня інцыдэнту ў Вырыках.
«Абавязак ураду — выкарыстоўваць усе інструмэнты і інстытуты для як мага хутчэйшага высьвятленьня гэтага пытаньня. Утойваньне інфармацыі недапушчальнае. Перад абліччам дэзынфармацыі і гібрыднай вайны паведамленьні, якія перадаюцца палякам, павінны быць правераны і пацьверджаны. Адначасова прэзыдэнт падкрэсьлівае, што ён ня быў праінфармаваны пра гэта, як і Бюро нацыянальнай бясьпекі (BBN), і гэтае пытаньне не было прадстаўлена і высьветлена ў Радзе нацыянальнай бясьпекі».
Пазьней Міністэрства абароны Польшчы апублікавала камэнтар на сваёй старонцы ў X:
«Уся даступная інфармацыя адносна падзей ночы з 9 на 10 верасьня перадаецца ў Бюро нацыянальнай бясьпекі на пастаяннай аснове праз Міністэрства абароны, Генэральны штаб і Апэратыўнае камандаваньне Ўзброеных сіл. Камітэт бясьпекі пры ўдзеле намесьніка начальніка Бюро нацыянальнай бясьпекі, брыгаднага генэрала запасу М. Брыся таксама прааналізаваў гэтыя падзеі. Нагадваем, што поўнае расьсьледаваньне падзей, якія адбыліся пасьля расейскай агрэсіі, праводзіцца адпаведнымі дзяржаўнымі органамі. Аднак ужо цяпер няма ніякіх сумневаў у тым, што Расея нясе адказнасьць за правакацыю і яе наступствы».
У Польшчы прэзыдэнт і ўрад рэпрэзытуюць розныя палітычныя сілы.
10 верасьня Апэратыўнае камандаваньне Ўзброеных сіл Польшчы заявіла аб «беспрэцэдэнтным» парушэньні паветранай прасторы расейскімі бесьпілётнікамі. Польшча падняла свае самалёты ў паветра і прывяла вайскоўцаў у стан найвышэйшай гатоўнасьці. За ноч адбылося 19 уварваньняў у паветраную прастору Польшчы, прычым значная частка бесьпілётнікаў заляцела зь Беларусі, заявіў тады прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск у парлямэнце. Паводле ўраду, чатыры з 19 бесьпілётнікаў былі зьбітыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Акт агрэсіі». Расейскія дроны ўварваліся ў Польшчу, у тым ліку празь Беларусь. Польскае войска заявіла, што частку зь іх зьбілі