Італьянскі суд дазволіў экстрадыцыю ў Нямеччыну падазраванага ў дывэрсіі на «Паўночным патоку»

Выцек газу на «Паўночным патоку»

16 верасьня суд у Італіі пастанавіў правесьці экстрадыцыю ў Нямеччыну грамадзяніна Ўкраіны, падазраванага ў каардынацыі дывэрсіі на газаводзе «Паўночны паток» у Балтыйскім моры ў верасьні 2022 году.

Дата экстрадыцыі пакуль не прызначаная. Агенцтва Reuters з спасылкай на адвакатаў падазраванага адзначае, што ён мае намер падаць апэляцыю, пасьля чаго будзе заставацца пад вартай у Італіі.

У судовых дакумэнтах падазраваны фігуруе пад імем Сяргей К. СМІ паведамлялі пра яго імавернае прозьвішча — Кузьняцоў.

Мужчыну арыштавалі ў жніўні ў італьянскім горадзе Рыміні, празь некалькі дзён пасьля таго, як фэдэральная пракуратура Нямеччыны выдала эўрапейскі ордэр на яго арышт.

Сяргей К. стаў першым арыштаваным у справе аб дывэрсіі на «Паўночным патоку». У Нямеччыне яму выставілі шэраг абвінавачваньняў, у тым ліку тэрарызм. У судзе ён не прызнаў сябе вінаватым.

Згодна з ордэрам на арышт, падазраваны ўваходзіў у групу асоб, якія ў верасьні 2022 году заклалі выбуховыя прылады на газаводы «Паўночны паток — 1» і «Паўночны паток — 2» каля вострава Борнхальм у Балтыйскім моры. Арыштаваны, праўдападобна, быў адным з кіраўнікоў апэрацыі.

Паводле зьвестак нямецкай пракуратуры, падазраваны і яго меркаваныя саўдзельнікі выкарыстоўвалі яхту зь ветразем, арандаваную ў нямецкай кампаніі праз пасярэднікаў. Выкарыстоўваліся падробленыя дакумэнты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына выдала ордэры на арышт усіх удзельнікаў падрыву «Паўночных патокаў»

Выбуховая прылада спрацавала 26 верасьня 2022 году. У выніку выбухаў абодва газаводы былі сур’ёзна пашкоджаныя — тры з чатырох нітак былі разбураныя.

Газаводы будаваліся для паставак расейскага газу ў Заходнюю Эўропу. Яны ня могуць быць адноўленыя. Расьсьледаваньні Швэцыі, Даніі і Нямеччыны паказалі, што газаводы былі падарваныя, але вінаватыя ўсё яшчэ высьвятляюцца.

Расея не бярэ ўдзелу ў расьсьледаваньні. Масква абвінаваціла ў тым, што здарылася, ЗША і іх хаўрусьнікаў. Тыя адмаўляюць сваю датычнасьць.

Шматлікія заходнія СМІ паведамілі, што выбухі ўчынілі людзі, зьвязаныя з украінскімі спэцслужбамі. Кіеў адмаўляе абвінавачваньні ў сабатажы.

Нямецкія пракуроры падкрэсьлілі, што гэта быў сур’ёзны напад на энэргетычную інфраструктуру краіны — незалежна ад палітычных матываў тых, хто зьдзейсьніў выбухі.

Газаводы «Паўночны паток» сёлета трапілі пад санкцыі Эўразьвязу, бо краіны ЭЗ палічылі іх патэнцыйным інструмэнтам ціску Масквы на Эўропу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: WP: падрывы «Паўночных патокаў» каардынаваў украінскі афіцэр — той самы, які у 2020 заманіў «вагнэраўцаў» у Беларусь