Польшча канчаткова пацьвердзіла, што не адкрые мяжы зь Беларусьсю пасьля вучэньняў «Захад-2025»

Ілюстрацыйнае фота

Афіцыйная Варшава і адразу пасьля абвесткі пра поўнае закрыцьцё польска-беларускай мяжы заяўляла пра тое, што рашэньне дзейнічае ня толькі на час манэўраў. Цяпер гэта афіцыйна пацьвердзілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.

Ведамства выступіла 16 верасьня з афіцыйнай заявай, у якой адзначыла, што мяжа застанецца закрытай і пасьля расейска-беларускіх манэўраў.

«Закрыцьцё польска-беларускай мяжы дзейнічае да далейшага паведамленьня і прадыктаванае заклапочанасьцю бясьпекай палякаў. Бясьпека нашых грамадзян зьяўляецца нашым прыярытэтам. Мы падкрэсьліваем, што гэтае рашэньне зьвязанае з расейска-беларускімі вучэньнямі „Захад-2025“, што не азначае закрыцьця мяжы выключна на час гэтых вучэньняў».

У Польшчы заявілі, што «адновяць рух, калі мяжа будзе цалкам бясьпечнай».

«Мы ўсьведамляем, што прыпыненьне памежнага руху стварае праблемы для перавозьнікаў, якія, напрыклад, павінны выкарыстоўваць памежныя пераходы ў Літве для ажыцьцяўленьня сваіх перавозак.

Мы падкрэсьліваем, што з эканамічных прычынаў і дабрабыту польскіх прадпрыемстваў мы зробім усё магчымае, каб пэрыяд закрыцьця памежнага руху быў як мага менш датклівым для прадпрымальнікаў.

Страты будуць ацэненыя, як толькі мы даведаемся, як доўга будзе зачыненай мяжа. Міністэрствы змогуць падрыхтаваць такую справаздачу. Зыходзячы з гэтага, урад будзе прымаць рашэньні аб патэнцыйнай дзяржаўнай падтрымцы асобных галінаў прамысловасьці», — гаворыцца ў заяве.

Мяжу Польшчы зь Беларусьсю цалкам закрылі ў ноч на 12 верасьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы аб закрыцьці мяжы зь Беларусьсю: Спачатку — бясьпека, затым — выдаткі


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча ўвяла да 10 сьнежня абмежаваньні па палётах уздоўж мяжы зь Беларусьсю і Ўкраінай