Адразу пасьля прымусовай пасадкі дрону прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заяўляў, што дзьве затрыманыя асобы — грамадзяне Беларусі. Цяпер жа высьветлілася, што беларускае грамадзянства мае толькі адзін чалавек, і гэта 17-гадовая дзяўчына.
Яна запускала бесьпілётнік у кампаніі 21-гадовага грамадзяніна Ўкраіны, інфармуе тэлеканал TVP.
Дваіх маладзёнаў дапыталі ўначы, польская паліцыя абяцае неўзабаве падаць падрабязнасьці. Пакуль шырокаму колу асобаў невядомыя мэты беларускі і ўкраінца, выказваюцца розныя вэрсіі — ад бесклапотнага запуску без увагі на цэнтар Варшавы, дзе такія палёты забароненыя, да мэтавага здыманьня рэакцыі розных службаў і зьбіраньня зьвестак. Ніводная з гэтых вэрсій пакуль ня мае пацьверджаньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы аб закрыцьці мяжы зь Беларусьсю: Спачатку — бясьпека, затым — выдаткіПольская паліцыя паведамляла, што дрон праляцеў над Бэльвэдэрскім палацам і некалькімі ўрадавымі будынкамі, якія месьцяцца побач. Польскія службы хваляць сваіх супрацоўнікаў за хуткую рэакцыю і прымусовую пасадку бесьпілётніка.
Інцыдэнт адбыўся празь некалькі дзён пасьля таго, як паветраную прастору Польшчы парушылі расейскія бесьпілётнікі, што атакавалі Ўкраіну. Імаверна, дроны перасьледавалі выведныя мэты. Гэта абвастрыла дыскусіі пра адэкватнасьць рэакцыі NATO на расейскія пагрозы і нарадзіла новыя спрэчкі пра тое, ці была гэта выпадковасьць, або гэта была наўмысная праверка пільнасьці заходніх спэцслужбаў з боку Пуціна.
Беларусь у той дзень, 10 верасьня, заявіла пра тое, што зьбівала дроны, што ляцяць у Польшчу і папярэдзіла пра небясьпеку Польшчу, у Варшаве пацьвердзілі гэтыя словы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіліся дэталі пра затрыманых у Варшаве за запуск бесьпілётніка беларусаў