«Інфармацыя пра тое, што гэта (скасаваньне санкцыяў ЗША супраць „Белавія“. — РС) можа адбыцца, лунала ў паветры. Давайце зразумеем, што пры ўхваленьні рашэньня ЗША інфармуюць адразу ўсіх, а не па адным партнэры», — сказаў Фрэдэрыкас Янсанас у этэры радыёстанцыі Žinių radijas 16 верасьня, паведаміла выданьне LRT.
Паводле яго, скасаваньне абмежаваньняў — сувэрэннае права ЗША і яно не закранае Літву.
«У прынцыпе, нашы дачыненьні зь Беларусьсю заснаваныя не на амэрыканскіх санкцыях, а на санкцыях ЭЗ, і яны ніяк не мяняюцца», — патлумачыў ён.
Фрэдэрыкас Янсанас падкрэсьліў, што пры далейшым вызваленьні ўладамі Беларусі палітвязьняў пытаньне аб аднаўленьні транзыту калійных угнаеньняў ня будзе абмяркоўвацца.
«Наколькі мне вядома, ніхто не патрабуе ад Літвы аднаўленьня транзыту ўгнаеньняў», — сказаў галоўны дарадца прэзыдэнта Літвы.
11 верасьня ЗША зьнялі санкцыі з авіякампаніі «Белавія». Пра гэта на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам паведаміў прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл. Гэта адбылося ў абмен на вызваленьне і вываз зь Беларусі 52 палітвязьняў, частка зь якіх амаль даседзела прысуджаныя ім тэрміны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ерка Літвы: у пытаньні санкцыяў адносна беларускіх угнаеньняў мы будзем непахіснымі