Ізраіль пачаў наземную апэрацыю ў Газе. ФОТА

Мяжа Ізраіля з сэктарам Газа, дзе разьмешчаныя ізраільскія вайсковыя браняваныя машыны на фоне разбураных будынкаў на палестынскай тэрыторыі 16 верасьня 2025

Ізраіль дамагаецца вызваленьня закладнікаў і разгрому ХАМАС.

Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) увечары 15 верасьня пачала наземную апэрацыю па захопе горада Газа, мэта якой — разграміць групоўку ХАМАС, паведамляюць The Jerusalem Post і Axios.

Удар па гораду Газа, 15 верасьня 2025

Ізраільскія ВПС нанесьлі авіяўдары па Газе, пасьля чаго ў горад увайшлі танкі. Раней Армія абароны Ізраілю заклікала палестынцаў сысьці з Газы і перамясьціцца на поўдзень, у «гуманітарныя зоны». Па дадзеных Axios, горад пакінулі каля 300 тысяч чалавек.

Ізраільская баявая тэхніка на мяжы з Газай.16 верасьня 2025

Ізраільскае войска спрабуе захапіць паўночную частку горада, піша «Аль-Джазіра».

Раніцай 16 верасьня інфармацыю аб пачатку апэрацыі пацьвердзіў міністар абароны Ізраілю Ісраэль Кац. Паводле яго слоў, ізраільскае войска наносіць удар «жалезным кулаком» па «тэрарыстычнай інфраструктуры» ў сэктары Газа.

«Салдаты ЦАХАЛ мужна змагаюцца, каб стварыць неабходныя ўмовы для вызваленьня закладнікаў і разгрому ХАМАС. Мы не здадзімся і не адступім, пакуль наша задача не будзе выканана», — заявіў міністар.

Ізраільская апэрацыя пачалася празь некалькі гадзін сустрэчы прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньягу і дзяржсакратара ЗША Марка Рубіё.

Ізраільская ваенная тэхніка каля памежнай агароджы на тэрыторыі Газы, 16 верасьня 2025 года.

Як піша Axios са спасылкай на двух ізраільскіх чыноўнікаў, Рубіё перадаў Нетаньягу, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падтрымлівае наземную апэрацыю Ізраіля ў Газе, аднак «жадае, каб яна была праведзеная хутка і скончылася як мага хутчэй».

  • ХАМАС працягвае ўтрымліваць некалькі дзясяткаў закладнікаў, якія былі выкрадзеныя ў Ізраілі ў выніку маштабнага тэракту 7 кастрычніка 2023 года.
  • Тады, у выніку ўварваньня баевікоў ХАМАС і іншых ваенізаваных ісламісцкіх груповак з сэктара Газа ў Ізраіль, 1200 ізраільцян былі забітыя (уключаючы 364 удзельнікі музычнага фэсту Nova) а яшчэ 253 былі ўзяты ў закладнікі.
  • У адказ на гэтыя дзеяньні Ізраіль праводзіць ваенную апэрацыю ў сэктары Газа і адначасова вядзе перамовы з ХАМАС па закладніках у Катары.
  • Але гэтыя перамовы ў апошнія некалькі месяцаў не прывялі да якіх-небудзь вынікаў.
  • Па дадзеных ізраільскіх уладаў, у палоне ў палестынскіх баевікоў у сэктары Газа застаюцца 48 закладнікаў. Зь іх у жывых засталося каля 20 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь прагаласавала ў ААН за стварэньне палестынскай дзяржавы

Вайна Ізраілю з ХАМАС і «Хэзбалой». Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.