Зьявіліся дэталі пра затрыманых у Варшаве за запуск бесьпілётніка беларусаў

Ілюстрацыйнае фота

Яны запусьцілі дрон над рэзыдэнцыяй прэзыдэнта Польшчы.

Як паведамілі ў польскай Службе аховы дзяржавы, бесьпілётнік лятаў у раёне палацу Бэльвэдэр — адной з рэзыдэнцый прэзыдэнта Польшчы — і суседнімі ўрадавымі будынкамі. Здарэньне адбылося 15 верасьня каля 19-й гадзіны.

Менавіта ў Бэльвэдэры зь сям’ёй цяпер жыве новаабраны прэзыдэнт краіны Караль Наўроцкі, але ў момант здарэньня ён быў зь візытам у Нямеччыне.

Палёт бесьпілётніка доўжыўся некалькі хвілін. Ахова Бэльвэдэру заўважыла яго і паведаміла калегам, неўзабаве двух беларусаў затрымалі, піша Onet. Паведамляецца, што ім каля 20 гадоў.

Яшчэ нічога не вядома пра прычыны запуску бесьпілётніка.

Прэс-сакратар Службы дзяржаўнай аховы Польшчы Багуслаў Пяркоўскі ў камэнтары тэлеканалу TVN24 адзначыў, што выкарыстоўваць бесьпілётнікі ў гэтым раёне Варшавы забаронена. Прымусовая пасадка дрону заняла некалькі хвілінаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве затрымалі двух беларусаў, якія кіравалі дронам над урадавым кварталам


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: Польшча паспрабуе разьвязаць мігранцкі крызіс на мяжы зь Беларусьсю з кітайскай дапамогай