Пра гэта сёньня заявіў прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Польшчы Павал Уроньскі на брыфінгу па выніках перамоваў міністраў замежных справаў Польшчы і Кітая Радаслава Сікорскага і Ван І, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Такім чынам прэсавы сакратар МЗС адказаў на пытаньне аб выдатках, якія панясуць Польшча і Кітай у сувязі з закрыцьцём Варшавай мяжы з Беларусьсю.
«У нас няма ніякіх аналізаў, колькі будзе каштаваць закрыцьцё мяжы. Лёгіка бясьпекі падказвае, што спачатку — бясьпека, а потым ужо ўлічваюцца выдаткі», — сказаў Уроньскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: Польшча паспрабуе разьвязаць мігранцкі крызіс на мяжы зь Беларусьсю з кітайскай дапамогайНа пытаньне, ці праінфармаваў польскі ўрад эўрапейскіх партнэраў аб намеры закрыць мяжу, ён адказаў адмоўна, бо гэта — «сувэрэннае рашэньне Польшчы».
Уроньскі таксама адзначыў, што ў час перамоваў Сікорскага і Ван І закраналася тэма адносін Польшчы з Беларусьсю і закрыцьця памежных пераходаў.
«Польшча ўказала Кітаю, што для нас гэта невыгодная сытуацыя. Мы прымаем рашэньне, якое дорага абыходзіцца і Польшчы, але наша краіна вымушаная прыняць гэтае рашэньне з-за неаднаразовых правакацыяў зь беларускага боку», — падкрэсьліў прадстаўнік МЗС.
Паводле яго слоў, польскі бок «папярэдзіў кітайскіх партнэраў аб дэструктыўных дзеяньнях Расеі».
«Мы спадзяемся, што гэтыя дзеяньні Масквы і Менску сустрэнуць процідзеяньне з боку Кітая», — заявіў прадстаўнік МЗС.
Перамовы кіраўнікоў палітычных ведамстваў Польшчы і Кітая прайшлі ў прыгарадзе Варшавы 15 верасьня, заявы міністраў, якія плянаваліся пасьля сустрэчы, былі адмененыя па просьбе кітайскага боку.
Пасьля заканчэньня перамоваў кіраўнік МЗС КНР адправіўся на сустрэчу з прэзыдэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча закрыла мяжу. «Нікуды яны не падзенуцца, мяжу адкрыюць», — камэнтуе кіраўнік МЗС Беларусі10 верасьня міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў, камэнтуючы рашэньне аб закрыцьці Польшчай з 12 верасьня мяжы з Беларусьсю ў сувязі з вучэньнямі «Захад-2025», заявіў, у прыватнасьці, што «практычна тры чвэрці грузаў», якія перасоўваюцца на Захад праз мяжу Беларусі і Польшчы, маюць «кітайскае паходжаньне». «Вось вам адказ, супраць каго накіраванае ў тым ліку гэта рашэньне», — сказаў ён.
Польшча закрыла ўсе кантрольна-прапускныя пункты на мяжы зь Беларусьсю, у тым ліку адзіны КПП Цярэспаль (Брэст), які выкарыстоўваўся для пропуску легкавых аўтамабіляў, з 0 гадзін па польскім часе 12 верасьня як мінімум на пэрыяд манэўраў.