Украінскі МЗС жорстка адрэагаваў на сустрэчу Лукашэнкі з кіраўніком акупаваных тэрыторый Херсоншчыны

15 верасьня Аляксандар Лукашэнка прыняў у Менску прадстаўніка расейскай акупацыйнай адміністрацыі часова акупаваных тэрыторый Хэрсонскай вобласьці Ўладзіміра Сальда. Міністэрства замежных спраў Украіны назвала гэта чарговым сьведчаньнем грубай пагарды Лукашэнкі «да сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, усяго ўкраінскага народу».

«Ганебным ёсьць ня толькі факт сустрэчы, але і выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра акупаваную частку Херсоншчыны як нібыта „новы рэгіён“ Расеі, яго гатоўнасьць спрыяць умацаваньню акупацыйнага рэжыму і разьвіваць гандаль з акупантамі», — гаворыцца ў камэнтары ўкраінскага МЗС.

Усякія дамоўленасьці з акупацыйнымі рэжымамі паводле міжнароднага права ёсьць нікчэмнымі і нэгатыўна адаб’юцца на Беларусі, сьцьвярджае МЗС.

Украіна пакідае за сабой права на адпаведны адказ, у тым ліку праз узмацненьне санкцыяў і паглыбленьне міжнароднай ізаляцыі беларускага рэжыму за супрацьпраўныя дзеяньні насуперак шматлікім рэзалюцыям Генэральнай Асамблеі ААН.

Пры канцы камэнтар украінскага МЗС адхіляецца ад дыпляматычных фармулёвак.

«Выклікае асаблівае зьдзіўленьне трызьненьне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ён „савецкі чалавек“, для якога Ўкраіна і Херсоншчына „таксама ягоная зямля“. Нагадваем, што СССР ужо больш за тры дзесяцігодзьдзі як на сьметніку гісторыі. Туды ж рана ці позна адправяцца і абодва настальгуючыя непрызнаныя дзеячы, якія сустракаліся сёньня ў Менску. А Ўкраіна была, ёсьць і будзе цэласнай у міжнародна прызнаных межах», — гаворыцца ў афіцыйным камэнтары ўкраінскага МЗС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў Херсонскую вобласьць «новым рэгіёнам Расеі» і заявіў, што хоча зь ёй супрацоўнічаць