Старшыня Нацыянальнага банку Беларусі прызнаў, што інфляцыя сёлета перавысіць прагнозны паказьнік

Старшыня Нацыянальнага банку Раман Галоўчанка, архіўнае фота

Старшыня Нацыянальнага банку Раман Галоўчанка заявіў 14 верасьня, што гадавая інфляцыя ў 2025 годзе перасягне прагнозны паказьнік 5%.

«Ад сваёй мэты сярэднетэрміновай інфляцыі ў 5% мы не адмаўляемся. Хутчэй за ўсё, сёлета яна будзе крыху вышэйшая. Ня будзе ў нас магчымасьці цалкам укласьціся ў 5%, але, яшчэ раз, гэта будзе залежаць ад актуальнай сытуацыі на міжнародных рынках, на імпартных цэнах», — сказаў Галоўчанка ў інтэрвію Беларускай тэлевізіі, якое цытуе БелТА.

У жніўні інфляцыя ў Беларусі перастала расьці. Яе прырост ад пачатку году склаў 5,3%, перавысіўшы гадавы паказьнік на 0,3 адсотка. Гэта зьвязана з сэзонным зьніжэньнем цэнаў на селськагаспадарчую прадукцыю.

Галоўчанка сказаў, што ў Нацыянальным банку ўважліва сочаць за інфляцыяй. Паводле яго, прырост цэнаў даюць 20 узбуйненых таварных пазыцыяў.

«Найперш гэта мясныя прадукты, малочныя прадукты, напоі, сэктар грамадзкага харчаваньня. На думку экспэртаў, такім чынам, згаданыя мной галіны аднаўляюць сваю эканамічную эфэктыўнасьць ува ўмовах сталага росту цэнаў на сыравіну, на імпартаваныя тавары, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасьці», — сказаў ён.

Але Белстат дае іншыя зьвесткі. Паслугі сёлета даражэюць хутчэй, чым прадукты харчаваньня. Так, за год паслугі, згодна Белстату, падаражэлі на 7%, а харчовыя тавары — на 6,3%.

Як паведамляе Белстат, індэкс цэнаў вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі сёлета вырас найменш — на 2,2%. Згодна апублікаваным зьвесткам за жнівень, індэкс цэнаў вытворцаў у прамысловасьці павялічыўся на 6,3% з пачатку году, на будаўніча-мантажныя работы — на 12,5%.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інфляцыя ў Беларусі запаволілася, але па-ранейшаму перавышае заплянаваны гадавы паказчык
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў заходнія санкцыі «драконаўскімі» і запатрабаваў зьнізіць інфляцыю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кава, слодычы, яблыкі і камунальныя паслугі. Улады назвалі, што істотна падаражэла ў ліпені